Беларуская Служба

ЕС можа дадаць у санкцыйны спіс новыя беларускія кампаніі – Калас

11.06.2025 11:30
У спіс арганізацый, на якія накладаюцца абмежаванні ў межах 18-га пакета санкцый, могуць быць дададзены 22 кампаніі – у тым ліку з Кітая і Беларусі, пасля чаго іх агульная колькасць перавысіць 800.
Komisja Europejska
Komisja Europejskapixabay

Такую заяву зрабіла вярхоўны прадстаўнік Еўрасаюза па замежных справах і палітыцы бяспекі Кая Калас 10 чэрвеня ў Капенгагене на прэс-канферэнцыі, прысвечанай планаванаму прыняццю 18-га пакета санкцый ЕС у дачыненні да Расіі за агрэсію ва Украіне, паведамляе pozirk.online.

За дзень да гэтага, 9 чэрвеня, выданне Politico, спасылаючыся на аднаго высокапастаўленага дыпламата, які сочыць за падрыхтоўкай саміту «Вялікай сямёркі» ў Канадзе (15–17 чэрвеня), адзначыла, што «калі ЗША падпішуцца пад скаардынаваным падыходам, наступны пакет санкцый можа быць вынесены на галасаванне ўжо 20 чэрвеня».

Акрамя гэтага, Еўракамісія таксама прапанавала пашырыць сектаральныя абмежаванні для Беларусі. Сярод іх поўная забарона на аперацыі з беларускімі банкаўскімі структурамі, якая раней тычылася толькі фінансавых паведамленняў (de-SWIFTing – адключэнне ад міжнароднай сістэмы банкаўскіх міждзяржаўных разлікаў SWIFT, якое істотна абмяжоўвае магчымасці банкаў праводзіць аперацыі за мяжой), а цяпер ператвараецца ў поўную забарону транзакцыяў.

20 траўня стала вядома, што ў 17-ы – апошні на гэты момант – пакет санкцый ЕС у дачыненні да Расіі быў уключаны Мінскі завод колавых цягачоў. У 16-ы пакет, прыняцце якога было прымеркаванае да трэцяй гадавіны расійскай ваеннай агрэсіі ва Украіне, трапіла беларускае ААТ «Інтэграл». У папярэднія пакеты санкцый уносіліся іншыя беларускія прадпрыемствы, якія тым ці іншым чынам садзейнічаюць расійскай агрэсіі, распачатай 24 лютага 2022 года пры падтрымцы афіцыйнага Мінска.

вх