Беларуская Служба

Палітзняволенай Вікторыі Кульшы чацвёрты раз дадалі тэрмін за «непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі»

12.06.2025 17:07
Увесь час у зняволенні на жанчыну аказваецца ціск. Яна тройчы спрабавала здзейсніць самагубства.
 a
Вікторыя Кульшaspring96.org

У судзе Светлагорскага раёна 11 чэрвеня разглядзелі чарговую крымінальную справу супраць палітзняволенай Вікторыі Кульшы, якая ўтрымліваецца ў зняволенні больш за чатыры гады і сем месяцаў.

Суддзя Аляксандр Валодзькін чацвёрты раз прызнаў жанчыну вінаватай у «злосным непадпарадкаванні законным патрабаванням адміністрацыі калоніі» (ч. 1 арт. 411 КК) і прызначыў ёй яшчэ адзін год зняволення. Нагадаем, у красавіку 2025 года Вікторыя мусіла выйсці на волю па заканчэнні тэрміну, але яе перавялі ў гомельскі СІЗА-3 у межах новай справы. Раней ёй ужо тройчы прызначалі пазбаўленне волі па гэтым артыкуле, нагадвае «Вясна».

Палітзняволеную інжынерку па ахове працы затрымалі 4 лістапада 2020 года за тое, што яна адміністравала тэлеграм-чат «Кіроўцы 97% Мінск». Яе абвінавацілі паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак). У лютым 2021 года Вікторыю асудзілі да двух з паловай гадоў калоніі і накіравалі адбываць тэрмін у гомельскую жаночую калонію № 4.

Пазней Вікторыю тройчы асудзілі паводле ч. 1 арт. 411 КК і прызначылі ёй агулам тры гады пазбаўлення волі. Увесь час у зняволенні на жанчыну аказваецца ціск. Яе неаднаразова змяшчалі ў штрафны ізалятар і ПКТ. Па інфармацыі праваабаронцаў, у зарэчанскай калоніі № 24 адзін з наглядчыкаў душыў Вікторыю локцем, стоячы ззаду, а таксама цягаў яе па камеры. Праз неаднаразовыя галадоўкі ў яе двойчы здараўся сардэчны прыступ. Палітзняволеная тройчы спрабавала здзейсніць самагубства.

аз

Міжнародная федэрацыя журналістаў патрабуе вызвалення беларускіх калегаў з турмаў

12.06.2025 16:04
Прынамсі сорак нашых калег зараз знаходзяцца за кратамі ў Беларусі, нагадвае ў сваёй заяве Міжнародная федэрацыя журналістаў.