Аб прапанове Польшчы «разгледзець магчымасць аднаўлення міжнародных і прыгранічных рэгіянальных зносін» паведаміў намеснік начальніка Беларускай чыгункі (БЧ) Уладзімір Быцкевіч на 52-й сесіі Нарады міністраў Арганізацыі супрацоўніцтва чыгунак (АСЧ).
Сесія праходзіла 10-13 чэрвеня ў Ціндао (Кітай), паведамляе «Позірк».
Уладзімір Быцкевіч, як адзначаецца, аргументаваў прапанову «высокай зацікаўленасцю грамадзян на аднаўленне пасажырскіх зносін паміж Беларуссю і Польшчай».
Аб рэакцыі польскага боку не паведамляецца.
У красавіку 2025 года БЧ прапанавала Польшчы, Літве і Латвіі аднавіць прамыя пасажырскія перавозкі на 39-м пасяджэнні Канферэнцыі генеральных дырэктараў (адказных прадстаўнікоў) чыгунак АСЧ.
МЗС Літвы выказаўся супраць аднаўлення пасажырскіх чыгуначных зносін з Беларуссю. Рэакцыі Польшчы не было.
24 ліпеня 2024 года намеснік начальніка пасажырскай службы — начальнік аддзела арганізацыі пасажырскіх перавозак Беларускай чыгункі Сяргей Шэмет заяўляў, што БЧ «на працягу трох гадоў выступае з ініцыятывай» аднавіць пасажырскія перавозкі з краінамі Заходняй Еўропы.
Пасажырскія чыгуначныя зносіны Беларусі з Літвой, Польшчай і Латвіяй былі прыпынены ў 2020 годзе з-за пандэміі COVID-19, пасля так і не аднавіліся.
У 2019 годзе на гэтыя напрамкі прыпадала каля 20 працэнтаў усіх міжнародных перавозак па чыгунцы. У Літву было перавезена 380 тыс. пасажыраў, Польшчу - 225 тыс., Латвію - 20 тыс.
Краіны ЕС аднавілі ўнутраныя пасажырскія перавозкі па чыгунцы ў сярэдзіне 2021 года.
28 ліпеня 2022 года Міністэрства транспарту і камунікацый Беларусі заявіла аб зацікаўленасці аднавіць пасажырскія чыгуначныя зносіны з Літвой, Латвіяй і Польшчай.
З Мінска выконваюцца штодзённыя аўтобусныя рэйсы ў Вільню, Рыгу, Варшаву і іншыя гарады трох суседніх дзяржаў. Беларусы часта сутыкаюцца з сур'ёзнымі чэргамі на выезд і ўезд у краіну з-за закрыцця пагранічных пунктаў.
У ЕС перавозяцца грузы, аднак на іх рух уплываюць санкцыі. Польскі галіновы партал Rynek kolejowy паведамляў у лютым гэтага года аб скарачэнні аб'ёму грузавых перавозак праз чыгуначны пункт пропуску Цярэспаль (Брэст). Адзначалася, што ў лістападзе 2024-га праз згаданы пункт пропуску было 27 таварных цягнікоў у суткі, у снежні - 23.
У публікацыі гаварылася, што ў 2021 годзе беларуска-польскую мяжу праз Цярэспаль перасякала каля 50 цягнікоў у суткі, у 2022-м - каля 20.
вх