Беларуская Служба

У Беларусі патлумачылі, дзе трэба вучыцца дзецям за мяжой

13.06.2025 11:35
«Калі дзіця зарэгістраванае ў Беларусі, але выехала на часовае пражыванне ў іншую дзяржаву, абавязак атрымання агульнай сярэдняй адукацыі ў школах, гімназіях, ліцэях Беларусі на яго не распаўсюджваецца», — кажуць чыноўнікі.
 .
Ілюстрацыйны здымак.Фота: Shutterstock/Sameer Neamah Mahdi

Гаворка ідзе пра патрабаванне, каб дзеці, якія жывуць у Беларусі, навучаліся выключна ў беларускіх школах. Але ёсць нюанс: усіх, хто не стаў на консульскі ўлік за мяжой, чыноўнікі залічваюць у спіс тых, хто жыве ў Беларусі. Гэта і выклікала шмат засцярог, на якія паспрабавалі адказаць у Міністэрстве адукацыі Беларусі, паведамляе euroradio.

«Калі дзіця зарэгістраванае ў Беларусі, але выехала на часовае пражыванне ў іншую дзяржаву, абавязак атрымання агульнай сярэдняй адукацыі ў школах, гімназіях, ліцэях Беларусі на яго не распаўсюджваецца», — кажуць чыноўнікі.

Пры гэтым не ўдакладняюць, ці трэба неяк афармляць часовае пражыванне за мяжой — напрыклад, тым жа консульскім улікам ці іншым спосабам.

«Бацькам будучых першакласнікаў, якія зарэгістраваныя ў Беларусі, але пражываюць за мяжой, падаваць у школу пацвярджальныя дакументы не патрабуецца», — дадаюць у ведамстве.

У выданні задаюцца пытаннем, ці бацькам тых дзетак, якія пайшлі ўжо ў школу ў Беларусі, але цяпер з’ехалі, дасылаць у школы дакументы ўсё ж трэба?

эж