За апошні тыдзень у Беларусь прыбыло 2 586 грамадзян і неграмадзян Латвіі (2 886), 1 993 грамадзяніна Літвы (2 049), 713 грамадзянін Польшчы (664) і 1 688 грамадзян іншых еўрапейскіх дзяржаў са спісу пашыранага бязвізу (1 976).
Усяго з 15 красавіка 2022 года Беларусь наведала 1 186 067 жыхароў Еўропы. З Латвіі прыбыло 378 773, з Літвы – 642 620, з Польшчы – 120 125. У рамках пашыранага бязвізу з 19 ліпеня 2024 года ў Беларусь уехала 44 549 замежных грамадзян.
Бязвізавы рэжым дзейнічае з 15 красавіка 2022 года для жыхароў Латвіі і Літвы, з 1 ліпеня таго ж года – Польшчы. 19 ліпеня 2024 года беларускія ўлады распаўсюдзілі бязвізавы рэжым на грамадзян яшчэ 35 краін Еўропы.
Гаворка пра жыхароў Аўстрыі, Андоры, Бельгіі, Балгарыі, Босніі і Герцагавіны, Ватыкана, Вялікабрытаніі, Венгрыі, Германіі, Грэцыі, Даніі, Ірландыі, Ісландыі, Іспаніі, Італіі, Кіпра, Ліхтэнштэйна, Люксембурга, Мальты, Манака, Нідэрландаў, Нарвегіі, Партугаліі, Румыніі, Сан-Марына, Паўночнай Македоніі, Славакіі, Славеніі, Фінляндыі, Францыі, Харватыі, Чэхіі, Швейцарыі, Швецыі і Эстоніі. Большасць гэтых краін рэжым Лукашэнкі лічыць «недружалюбнымі» за тое, што ўвялі санкцыі альбо далучыліся да іх.
Бязвіз для жыхароў 38 еўрапейскіх краін дзейнічае да канца 2025-га, аднак, хутчэй за ўсё, будзе падоўжаны, як гэта ўжо адбывалася.
Грамадзяне гэтых дзяржаў могуць уязджаць у Беларусь без візы праз усе наземныя і паветраныя міжнародныя пункты пропуску «на падставе сапраўдных дакументаў», знаходзіцца на беларускай тэрыторыі «не больш за 30 сутак з дня ўезду».
pozirk.online/вх