Восьмага жніўня 2025 года Мінскі гарадскі суд прызнаў вінаватым кіраўніка маркетынгавай кампаніі Satio Яўгена Краснянскага паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Канчатковы прысуд вынесены шляхам складання пакаранняў паводле двух артыкулаў. Паводле ч. 1 арт. 356 (здрада дзяржаве) КК яго асудзілі да сямі гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Паводле ч. 1 арт. 243-3 (ухіленне ад выплаты страхавых унёскаў, што прывяло да нанясення шкоды ў асабліва буйным памеры) КК яму прысудзілі шэсць месяцаў пазбаўлення волі, а таксама штраф: 25 тысяч рублёў, паведамляе ПЦ «Вясна».
Раней Следчы камітэт паведамляў падрабязнасці пераследу Краснянскага. Ведамства сцвярджала, што мужчына падрыхтаваў для адной з замежных арганізацый даследаванне, якое ўтрымлівае «загадзя ілжывыя звесткі пра палітыку краіны ў галіне аховы здароўя ў частцы прыманых мер па барацьбе з каронавіруснай інфекцыяй».
Улады паведамлялі наступнае:
«Дадзены сацыялагічны аналіз нібыта складаўся ўзначаленай ім кампаніяй, якая не мела акрэдытацыі для вывучэння названых пытанняў. Пры гэтым абвінавачаны фактычна не праводзіў аналітычнай працы ў галіне гэтай тэмы, а на падставе асобных звестак, размешчаных у адкрытых крыніцах, падрыхтаваў ангажаваныя і адпаведныя запытам «заказчыка« вынікі для наступнага іх выкарыстання на шкоду нацыянальнай бяспецы і інтарэсам дзяржавы».
Вядома, што разам з Яўгенам Краснянскім былі затрыманыя дзве жанчыны: мінчанкі 37 і 43 гадоў. Яны нібыта праводзілі сацыялагічнае даследаванне пра наяўнасць пераваг сярод грамадзян у развіцці краіны з дапамогай інтэграцыі з краінамі Еўрапейскага саюза. Каб прыйсці да пажаданага выніку, жанчыны нібыта апытвалі прадстаўнікоў фокус-групы, якія маюць «загадзя негатыўнае стаўленне да наяўнай у дзяржаве палітычнай сістэмы і канстытуцыйнага ладу». Прысуды жанчынам невядомыя.
вх