Беларуская Служба

Заснавана новая прэмія «Голас пакалення свабоды» для правабаронцаў, літаратараў і журналістаў ва ўзросце 60+

08.09.2025 14:34
Намінацыі прымаюцца да 20 верасня ўключна. Узнагарода лаўрэатаў/лаўрэатак і дыскусія адбудзецца 15 лістапада як дадатковая падзея перад цырымоніяй уручэння прэміі імя Ежы Гедройця.
       ,      60+.
Заснавана новая прэмія «Голас пакалення свабоды» для правабаронцаў, літаратараў і журналістаў ва ўзросце 60+.Фота з адкрытых крыніц

Беларускі ПЭН у партнёрстве з Праваабарончым цэнтрам «Вясна», Беларускай асацыяцыяй журналістаў, Прэс-клубам Беларусь і Фондам «Свабодная прэса для Усходняй Еўропы» абвяшчае заснаванне новай прэміі «Голас пакалення свабоды».

Прэмія створана для ўшанавання жыццёвых дасягненняў і праваабарончай дзейнасці выдатных беларускіх літаратараў, праваабаронцаў і журналістаў, якія былі вымушаны эміграваць праз пераслед пасля 2020 года.

Рашэнне аб прысуджэнні прэміі будзе прымаць адмысловае журы, у склад якога ўваходзяць асобы ад усіх арганізацый-партнёраў: Святлана Алексіевіч (Беларускі ПЭН), Андрэй Бастунец (БАЖ), Павал Сапелка («Вясна»), Надзея Белахвосцік (Прэс-клуб Беларусь), Марыя Садоўская-Камлач («Свабодная прэса для Усходняй Еўропы»). 

Таццяна Нядбай, старшыня Беларускага ПЭНа: «Мы ўсведамляем, што людзей, якія заслугоўваюць гэтай прэміі, значна больш, чым магчымасцяў у нас сёлета, і спадзяёмся, што ў будучыні ў нас будзе магчымасць працягнуць гэтую справу. Таксама разумеем, што асобы, годныя ўганаравання, знаходзяцца і ўнутры Беларусі.

    Нашая мэта — не раздзяліць на “тут” і “там”, а паспрабаваць праз такую прэмію даць магчымасць тым, хто мусіў пакінуць Беларусь, працягнуць сваю творчую, журналісцкую і/ці праваабарончую дзейнасць.

Я глыбока перакананая, што сёння людзі, якім давялося стаць уцекачамі і выжываць на чужыне, могуць зрабіць істотны ўнёсак у агульную справу, і спадзяюся, што прэмія, акрамя належнага прызнання, дасць ім магчымасць забяспечыць сваё існаванне хаця б на кароткі перыяд і зрэалізаваць літаратурны, журналісцкі ці праваабарончы праект».

Кандыдаты/кандыдаткі на атрыманне прэміі мусяць адпавядаць асноўным крытэрыям:

  •     Мець значныя дасягненні ў галіне літаратуры, журналістыкі або абароны правоў чалавека ў Беларусі.
  •     Не пазней як у 2025 годзе дасягнуць 60-гадовага ўзросту.
  •     Быць вымушанымі эмігрантамі/эмігранткамі з Беларусі пасля 2020 года ў сувязі з пераследам і пражываць у Польшчы, Чэхіі або Літве.
  •     Актыўна ўдзельнічаць у пабудове незалежнай грамадзянскай супольнасці.
  •     Вылучацца грамадзянскай адвагай, непахіснасцю прынцыпаў і прыхільнасцю да дэмакратычных каштоўнасцяў і правоў чалавека.


Кандыдаты/кандыдаткі абавязаны ў перыяд з моманту інфармавання пра вынікі адбору і да 20 лістапада 2025 года  быць даступнымі для ўсіх дзеянняў, звязаных з публікацыяй зборніка «Голас пакалення свабоды». 

Працэс намінацыі:

Вылучыць кандыдатаў/кандыдатак на прэмію можна праз зварот да арганізацый-партнёраў. Заяўкі будуць  прымацца выключна праз анлайн-форму, якая будзе дадзена ахвочым пасля іх верыфікацыі. Кожнае вылучэнне мусіць мець падрабязнае апісанне дасягненняў кандыдата/кандыдаткі і абгрунтаванне. Адрасы для запыту анлайн-формы знаходзяцца ў канцы тэксту. 

Намінацыі прымаюцца да 20 верасня 2025 года ўключна. Узнагарода лаўрэатаў/лаўрэатак і дыскусія адбудзецца 15 лістапада 2025 года як дадатковая падзея перад цырымоніяй уручэння прэміі імя Ежы Гедройця. 

Форма ўзнагароды:

Прэмія мае фінансавы характар (некалькі тысяч еўра). Акрамя таго, матэрыялы пра лаўрэатаў/лаўрэатак увойдуць у адмысловы зборнік пад назвай «Голас пакалення свабоды», які будзе апублікаваны Беларускім ПЭНам і партнёрамі ў электроннай форме. Матэрыял  у зборніку з’яўляецца абавязковай умовай для атрымання прэміі.  

Рэгламент прэміі: https://penbelarus.org/reglament-premii-golas-pakalennya-svabody.html

Праект «Голас пакалення свабоды» суфінансаваны ў рамках праграмы польскага супрацоўніцтва дзеля развіцця Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча. Публікацыя адлюстроўвае выключна аўтарскія погляды і не можа атаясамляцца з афіцыйнай пазіцыяй Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча.

baj.media/вх