Беларуская Служба

У «спіс тэрарыстаў» дадалі дзевяць чалавек

10.09.2025 11:04
Камітэт дзяржаўнай бяспекі 9 верасня ў чарговы раз абнавіў спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці».
.
.ulleo/pixabay.com/CC0 Public Domain

У яго дадалі яшчэ дзевяць чалавек: Юры Рубашэнка, Арцём Сямёнаў, Алег Слабуха, Ірына Шумейка, Андрэй Бесаў, Віктар Яскіч, Яўген Грук, Віктар Мека, Сяргей Тулінаў. Цяпер у спісе 1335 чалавек, з іх больш за 639 – беларусы.

Вясна распавядае, каго КДБ уключыў у «спіс тэрарыстаў» і за што яны былі асуджаныя.

Віктара Меку затрымалі 6 лютага 2025 года. У чэрвені 2025 года яго асудзілі за каментары паводле ч. 3 арт. 361 КК (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь). Суд прызначыў палітвязню два гады пазбаўлення волі. Пасля разгляду апеляцыйнай скаргі, які адбыўся напрыканцы жніўня, палітвязня накіравалі ў бабруйскую калонію № 2.

Палітвязень мае больш за 10 гадоў вопыту ў якасці аператара лазернага і фрэзернага абсталявання. Апошнія гады займаўся распрацоўкай камп’ютарных гульняў – ствараў карыстальніцкія гульні і моды для Доты 2.

35-гадовую Ірыну Шумейку затрымалі напачатку красавіка 2025 года. Ірыну абвінавацілі паводле ч. 3 арт. 361-1 КК (удзел у экстрэмісцкім фармаванні, а таксама ч. 3 арт. 361 КК (заклікі да санкцый). Мінскі гарадскі суд прызначыў палітзняволенай пазбаўленне волі, але дакладны тэрмін невядомы. Вядома, што ў 2022 годзе жанчына адбывала арышт на Акрэсціна паводле палітычнага адміністрацыйнага артыкулу. Ірына ўжо адбывае пакаранне ў гомельскай жаночай калоніі № 4.

52-гадовага Андрэя Бесава асудзілі да чатырох гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму па ч. 1 арт. 130 КК (распальванне іншай сацыяльнай варожасці і варажнечы), а таксама па ч. 3 арт. 361 КК (заклікі да санкцый). Нядаўна палітвязень пачаў адбываць тэрмін у бабруйскай калоніі № 2.

Паводле КДБ, жыхароў Брэсцкай вобласці Яўгена Грука і Віктара Яскіча асудзілі паводле арт. 289 КК (акт тэрарызму) і арт. 295 КК (незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў). Пра іх затрыманне стала вядома напачатку красавіка 2024 года з сюжэта АНТ. Як сцвярджалі прапагандысты, сілавікі затрымалі як мінімум 12 чалавек, сярод якіх Грук і Яскіч, якіх абвінавачваюць у кантрабандзе выбухоўкі і планаванні тэрактаў. Па словах аўтара сюжэту, Грук быў інфарматарам СБУ: фатаграфаваў ваенную тэхніку і скідаў яе каардынаты. Пасля Груку далі каманду забраць выбухоўку з тайніка. Да схованкі мужчыну падвёз Яскіч. Пасля яны абодва павінны былі раскласці выбухоўку з тайніка ў новыя схованкі. У сюжэце не тлумачаць логіку такіх дзеянняў. Разам з Яўгенам была затрыманая і яго жонка – Лідзія Грук, але яе лёс невядомы. Аўтары сюжэту казалі, што ў сям'і засталіся чацвёра малалетніх дзяцей.

Пра 39-гадовага Алега Слабуху і 34-гадовага Арцёма Сямёнава  інфармацыі няшмат. Ім прызначылі пазбаўленне волі, але іх тэрміны невядомыя.

Алега абвінавацілі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці і варажнечы), ч. 3 арт. 361 (заклікі да санкцый), а таксама ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі).

Арцёма прызналі вінаватым у «закліках да санкцый» паводле арт. 361 КК.

Вясна/ав