Беларуская Служба

Пуцін і Лукашэнка адпрацоўваюць ядзерную вайну і напад на НАТА на вучэннях «Захад-2025»

13.09.2025 12:32
Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка адпрацоўваюць тры стратэгіі вайны з Захадам.
 -2025.
Вучэнні «Захад-2025».Фота: Алег Некала, Арцём Берасцень, «Ваяр»

12 верасня пачаліся расійска-беларускія ваенныя вучэнні «Захад – 2025». Ваенны аглядальнік BILD Юльян Рэпке мяркуе, што параўнальна невялікая колькасць салдат, якія ўдзельнічаюць, – усяго 18 200, з іх 5500 расіян – не павінна ўводзіць у зман адносна небяспекі манеўраў. Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка адпрацоўваюць тры стратэгіі вайны з Захадам.

Прымяненне ядзернай зброі і ракет сярэдняй далёкасці

Ключавы элемент вучэнняў – імітацыя прымянення ядзернай зброі і ракет «Арэшнік», размяшчэнне якіх у Беларусі плануецца да канца гэтага года. Відавочная мэта гэтых манеўраў – запалохаць суседзяў Беларусі.

«Мы бачым сітуацыю на нашых заходніх і паўночных межах і не можам спакойна назіраць за мілітарызацыяй і ваеннай актыўнасцю», – заявіў міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін на адкрыцці вучэнняў.

Гэтая пагроза прывяла да неадкладнага закрыцця мяжы з Беларуссю з боку Польшчы і закрыцця прыгранічнай паветранай прасторы з боку Літвы. У адказ прэс-сакратар МЗС РФ Марыя Захарава прыгразіла «наступствамі».

Напад на Сувалкскі калідор

Афіцыйна на гэтых вучэннях Расія і Беларусь адпрацоўваюць «вядзенне абарончых баёў, разгром ворага, які прарваў абарончыя рубяжы, і стварэнне ўмоў для аднаўлення тэрытарыяльнай цэласнасці дзяржавы».

У першы дзень манеўраў РІА паведаміла, дзе менавіта мяркуецца «абарончая аперацыя»: у Калінінградскай вобласці, якую нібыта хоча захапіць НАТА.

Каб «абараніць» Калінінград, расійскае войска павінна наступаць з Беларусі і пракладваць так званы Сувалкскі калідор – участак тэрыторыі Польшчы і Літвы шырынёй каля 60 км, які злучыць Беларусь і Калінінград. Такім чынам, Расія робіць выгляд, што патрабуецца абарона яе анклава, каб адрэпетаваць напад на НАТА ў гэтым рэгіёне.


Рэпрэсіі

«Захад – 2025» прадугледжвае таксама «барацьбу з незаконнымі ўзброенымі фармаваннямі, а таксама дыверсійнымі і разведвальнымі групамі суперніка». Расійскія дзяржаўныя СМІ не пакінулі сумневаў у тым, хто маецца на ўвазе – «агенты Польшчы» і «супрацоўнікі ўкраінскай разведкі». На справе ў Беларусі «дыверсантамі» у большасці выпадкаў з'яўляюцца зусім не варожыя агенты, а крытыкі рэжыму, якіх бяздоказна абвінавачваюць у шпіянажы на карысць Польшчы ці Украіны, каб пасля заключыць у турму.

вх