25 чэрвеня на выхадзе з Мазырскага анкалагічнага дыспансера на вачах у персанала і наведвальнікаў карнікі затрымалі жанчыну. Як пазней высветлілі праваабаронцы, затрыманую зваць Ірына Левіна і ейны пераслед мае палітычныя матывы.
Нейкі час Ірыну Левіну трымалі ў Следчым ізалятары №3 у Гомелі. Тады праваабаронцы вызналі яе палітычнай зняволенай. Але пазней жанчыну вызвалілі праз значнае пагаршэнне стану і яна зноў стала звяртацца ў анкадыспансер у Мазыры. Імаверна, адміністрацыя следчага ізалятара і следчыя баяліся, што яна памрэ ў вязніцы.
Увесь гэты час жанчына імкнулася праходзіць лекаванне і абследаванні ў розных лякарнях Мазыра і Гомеля. Як удалося цяпер высветліць праваабаронцам у медычнай установе, Гомельскі абласны анкадыспансер вырашыў, што адзіны магчымы спосаб паратунку жыцця Ірыны – тэрміновая аперацыя перасадкі касцянога мозгу.
Ірына Левіна атрымала накіраванне ў Мінскі навукова-практычны цэнтр хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі. Аперацыя прызначаная на 7 кастрычніка.
Падрыхтоўчы і пасляаперацыйны перыяды, якія Левіна мусіць знаходзіцца ў лякарні, можа расцягнуцца на многія месяцы і нават год. Але цяпер, каб паехаць у Менск Ірыне патрэбны дазвол ад следчага, які вядзе ейную крымінальную справу. Як паведаміла Гомельскай Вясне крыніца ў медычнай установе, такога дазволу Ірыне ніяк не можа атрымаць ад супрацоўнікаў карных органаў. І таму яна ўжо працяглы час не можа паехаць пад Мінск і легчы на жыццёва неабходную ёй аперацыю.
Як паведамілі ў медустанове, Ірына Левіна вельмі моцна напужаная сваім знаходжаннем у следчым ізалятары і баіцца зноў туды патрапіць, калі парушыць забарону следчага і паедзе на аперацыю без ягонага дазволу. Праваабаронцы спрабавалі звязацца з самой Левінай або ейнымі родзічамі, каб высветліць сітуацыю з першых вуснаў, але знайсці кантакты Ірыны ці яе сваякоў пакуль не ўдалося.
gomelspring.org/вх