Беларуская Служба

Эксперты ААН заклікалі ўлады Беларусі даць інфармацыю аб месцазнаходжанні і стане здароўя Статкевіча

24.09.2025 09:00
Як паведамляецца, эксперты звязаліся з уладамі краіны наконт гэтай справы.
Мікалай Статкевічскрыншот з відэа з камер на беларуска-літоўская мяжы

Група незалежных экспертаў ААН 23 верасня рашуча асудзіла спробу дэпартацыі з Беларусі і наступнае знікненне вядомага 69-гадовага апазіцыйнага палітыка Мікалая Статкевіча. Заяву апублікавала Упраўленне ААН па правах чалавека.

«Ёсць важкія падставы меркаваць, што Статкевіч стаў ахвярай гвалтоўнага знікнення і адвольнага затрымання. Мы заклікаем Беларусь прадставіць інфармацыю аб ягоным лёсе і месцазнаходжанні, а таксама аб стане ягонага здароўя», – заявілі эксперты.

Адзначаецца, што пасля адмовы Статкевіча пакідаць Беларусь яго забралі сілавікі ў масках і цяпер месцазнаходжанне палітыка невядома.

«Спроба выдварэння Мікалая Статкевіча з ягонай краіны парушае артыкул 12 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, ратыфікаванага Беларуссю 12 лістапада 1973 года, – гаворыцца ў заяве. – Акрамя таго, не выключана, што гаворка ідзе аб магчымым злачынстве з пункту гледжання міжнароднага права».

Эксперты нагадалі, што Міжнародны крымінальны суд у Гаазе ўжо разглядае зварот Літвы, у якім беларускія ўлады абвінавачваюцца ў злачынствах супраць чалавечнасці, учыненых з 2020 года, у выглядзе дэпартацыі і пераследу па палітычных матывах.

Чарговы раз заяўляецца, што Беларусь «павінна ў тэрміновым парадку прывесці сваё заканадаўства аб барацьбе з экстрэмізмам у адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі ў галіне правоў чалавека і пакласці канец жорсткаму абыходжанню са зняволенымі, асуджанымі па абвінавачваннях у экстрэмізме».

Люстэрка/ав