Белстат апублікаваў вынікі працы турыстычнай галіны Беларусі за 2024 год. Паводле іх, у мінулым годзе арганізавана, то бок праз турфірмы за мяжу выязджалі 618 тысяч беларусаў.
Турцыю ў мінулым годзе наведалі 151 тысяча беларусаў, Расію – 142 тысячы, Егіпет – 97 тысяч, ААЭ – 65,9 тысяч, Грузію – 40 тысяч. Куды накіраваліся яшчэ амаль 120 тысяч беларускіх падарожнікаў, Белстат маўчыць.
Турызм на традыцыйных для беларусаў недарагіх напрамках абваліўся, на некаторых да нуля, у прыватнасці ва Украіну, дзе ідзе вайна, нагадвае «Свабода».
Для параўнання, у 2019 годзе, паводле дадзеных Белстата, колькасць турыстаў, якія арганізавана выязджалі за межы Беларусі, была блізкай да мільёна – 982 935 чалавек. Першае месца тады трымаў Егіпет, куды выязджала 258 тысяч чалавек, другое месца займала Турцыя – 156 тысяч чалавек, а трэцяе – Украіна (147 тысяч чалавек). 231 тысяча чалавек наведалі розныя еўрапейскія краіны, пераважна тыя, якія прапануюць адпачынак на моры – Баўгарыю, Іспанію, Грэцыю, Чарнагорыю.
Да таго ж у 2019 годзе неарганізаваны турызм быў значна больш даступным – у 2018 годзе беларусы атрымалі 676 тысяч шэнгенскіх віз, з іх 83 працэнты – шмаразовыя.
У 2024 годзе папулярных раней маршрутаў проста няма ў статыстыцы. Цяпер беларусы часцей адпачываюць дома, па дадзеных Белстата, у 2024 годзе 1,7 мільёна чалавек накіраваліся ў экскурсійныя паездкі па сваёй краіне, пераважна аднадзённыя, 412 тысяч наведалі беларускія аграсядзібы, дзе затрымаліся ў сярэднім на два дні.
аз