Беларуская Служба

Агрэсія ў асяроддзі падлеткаў існавала заўсёды, але цяпер яе больш. У чым прычына?

13.01.2026 17:11
На думку спецыялістаў, вельмі адмоўны ўплыў могуць аказваць на падлеткаў сацыяльныя сеткі. 
Аўдыё
  • Агрэсія падлеткаў можа прывесці да сапраўдных трагедый.
.
Ілюстрацыя.Фота: Pixabay/Farmgirlmiriam

Падлеткавы ўзрост складаны ў жыцці чалавека. Малады хлопец ці дзяўчына перажываюць вельмі шмат змен – як у выглядзе цела, у адчуваннях, эмоцыях, так і шматлікія перамены ў вонкавым свеце – пераход у іншую школу, іншае асяроддзе равеснікаў, пазней пошук далейшай адукацыі, а таксама часта і працы. Усё гэта выклікае шмат перажыванняў, эмоцый, а нярэдка і агрэсію, з якой не заўсёды малады чалавек можа справіцца.

Агрэсія ў асяроддзі падлеткаў існавала заўсёды, але выглядае на тое, што цяпер яна нарастае. У чым прычына і што могуць зрабіць дарослыя - бацькі, школа і спецыялісты, якія працуюць з моладдзю? Псіхолаг Эва Касоўска-Корняк (Ewa Kosowska - Korniak) праводзіла майстар-класы з вучнямі, прысвечаныя праблематыцы агрэсіўных паводзін. Яна адзначае, што заўважыла вельмі шмат агрэсіі падчас такіх заняткаў.

— У класе мы размаўлялі, сядаючы ў коле, я старалася стварыць атмасферу спакойнай гутаркі, і нават у гэтай атмасферы двое вучняў не змаглі стрымаць эмоцый і проста напалі адзін на аднаго. Гэта была ўзаемная мова нянавісці, яе было вельмі цяжка спыніць. Вучням па 14 гадоў, гэта былі хлопец і дзяўчынка. І яны не перабіралі ў словах, выкарыстоўвалі самыя жорсткія эпітэты, закраналі вельмі балючыя  перажыванні з дзяцінства, сямейныя гісторыі. Гэтыя падлеткі проста не маглі справіцца са сваімі эмоцыямі, і спатрэбілася шмат намаганняў, каб вярнуцца да спакойнай размовы і працягваць майстар-класы.

На думку спецыялістаў, вельмі адмоўны ўплыў могуць аказваць на падлеткаў сацыяльныя сеткі. У Польшчы дзеці як правіла рана атрымліваюць першы тэлефон з доступам у інтэрнэт (у 9-10 гадоў), дзе могуць бачыць вельмі шмат агрэсіі. Пры гэтым, бацькі рэдка сочаць за доступам сваіх дзяцей да анлайн-кантэнту, - кажа госць Польскага радыё.

 Інтэрнэт — гэта другое жыццё, там існуюць групы, у якіх дзеці абражаюць адзін аднаго, параўноўваюць і асуджаюць. Гэтыя з'явы для нас, дарослых, непрыемныя, але ў выпадку дзяцей і моладзі яны настолькі моцна ўплываюць на ўсе сферы жыцця, што наступствы могуць быць жахлівыя. Я рабіла практыкаванні са школьнікамі – яны пісалі ананімныя запіскі, што іх турбуе ў паводзінах іншых людзей. Аказалася, што часцей за ўсё яны пісалі пра асуджэнне, крытыку, плёткі, выключэнне з сацыяльных колаў, дзіўныя позіркі і дзіўныя каментарыі ў інтэрнэце. Гэта настолькі трывожна, што яны не могуць нармальна функцыянаваць. Ёсць групы, ёсць людзі, якія адчуваюць сябе выключанымі, адчуваюць сябе адчужанымі. Адзін сказ з гэтых запісак мяне вельмі глыбока крануў: «Мяне ўсё напружвае, таму што я – ніхто». Усё гэта спрыяе зніжэнню самаацэнкі і вельмі нізкаму пачуццю ўласнай годнасці. І часта малады чалавек не ў стане самастойна справіцца з гэтым цяжарам – адчуваннем, што ён выключаны з групы. Неабходная дапамога дарослых – бацькоў і настаўнікаў.

Аўстралія ўжо ўвяла забарону на выкарыстанне сацыяльных сетак моладдзю да 16-ці гадоў. Данія і Францыя таксама абмяркоўваюць магчымасць увесці такія змены. Агулам усё больш у свеце гавораць пра шкоднасць сацсетак, асабліва іх дрэнны ўплыў на падлеткаў. Але нельга ўсю віну зваліць на сацсеткі. Бацькі, занятыя працай, часта зусім не ведаюць, што адбываецца ў душы іх дзіцяці.

 Я хачу падкрэсліць, што многія вучні адчуваюць сябе адзінокімі ў сваіх сем'ях. Яны адчуваюць сябе праектам, задуманым бацькамі, ад якога чакаюць высокіх стандартаў. Ім трэба добра вучыцца ў школе, атрымліваць высокія адзнакі, займацца цікавым хобі і быць лепшай версіяй сябе. Тым часам яны проста адчуваюць пустэчу, прэсінг, ціск на добрыя адзнакі, ціск параўноўвання і вялікую ​​адзіноту ў сям'і.

Што псіхолаг мог бы параіць бацькам і настаўнікам, якім чынам аказваць падтрымку падлеткам – як сваім уласным дзецям, так і вучням у школе?

 Па-першае, паклапаціцца пра тое, што адбываецца дома. Важна, каб дзіця адчувала сябе тут у бяспецы і атрымлівала шмат якаснай увагі. Часам нават паўгадзіны добрай размовы, добрага кантакту, адкрытасці і ўважлівага стаўлення да патрэб дзіцяці дастаткова, каб вырашыць яго праблемы і цяжкасці. Але калі бацькі не заўважаюць, што адбываецца, тады дзеці шукаюць іншую прастору, запаўняюць гэтую пустэчу адносінамі з аднагодкамі, а там могуць здарыцца розныя рэчы. Па-другое, супрацоўніцтва паміж бацькамі і школай. Школы павінны ладзіць майстар-класы, прысвечаныя эмоцыям і будаванню адносін. Медыяцыя, размова паміж аднагодкамі — гэта лепшы спосаб вырашэння канфліктаў. Вучні самі вырашаюць канфлікты, даведваюцца пра свае патрэбы, эмоцыі і погляды. І яны гатовыя шукаць рашэнні, а не праблемы. Па-трэцяе, я лічу, што настаўнік, пажадана класны кіраўнік, павінен ведаць, што адбываецца ў сацсетках вучняў, і мог нейкім чынам інтэграваць клас. І, канешне, лічбавая гігіена, гэта значыць, абмежаванне выкарыстання мабільных тэлефонаў, інтэрнэту і камп'ютэрных гульняў.

Агрэсія падлеткаў можа прывесці да сапраўдных трагедый. Некалькі тыдняў таму жыхароў Польшчы шакіравала інфармацыі аб тым, што 12-гадовая школьніца забіла нажом 11-гадовую дзяўчынку, з якой вучылася ў адной школе. Забіла, на першы погляд, без ніякай прычыны. Трагедыя здарылася ў Еленяй Гуры. Неабходна адзначыць, што забойца трапіла ў шпіталь, дзе ставіла ў сацсеткі дзіўныя малюнкі, а суд не забараніў дзяўчынцы карыстацца інтэрнэтам і не канфіскаваў яе тэлефон ці камп'ютар.

Першы канал Польскага радыё/нг

«Мы стварылі культуру нянавісці» – больш за палова падлеткаў у Польшчы сутыкаецца ў інтэрнэце з хейтам і агрэсіяй

06.01.2026 11:29
Тэарэтычна, дзяцей да 13 гадоў у сацсетках няма. Аднак насамрэч кожнае другое дзіця ў Польшчы ва ўзросце 7-12 гадоў карыстаецца сацыяльнымі сеткамі.