Як заўважыла выданне «Позірк», адпаведную інфармацыю абнародавалі на расійскім рэгіянальным партале online47.ru.
Дамоўленасць дасягнулі ў часе візіту ў Беларусь дырэктаркі Усяволскага мультыцэнтру сацыяльнай і працоўнай інтэграцыі Ірыны Драздзенка. Яна наведала санаторна-курортныя і рэабілітацыйны ўстановы Мінскай вобласці і азнаёмілася з іх магчымасцямі ў «лекаванні, аднаўленні і аздараўленні ўдзельнікаў «спецаперацыі« з Ленінградскай вобласці, а таксама іх сямей».
Апроч таго, яна на перамовах з кіраўніцтвам выканкаму Магілёўскай вобласці абмеркавала «перспектывы мэтавага накіравання і прыёму жыхароў Ленінградскай вобласці, якія патрабуюць медычнай і аднаўленчай дапамогі, у тым ліку байцоў СВА і іх сваякоў».
Дамоўленасці дазволяць штогод накіроўваць у беларускія санаторыі не менш за 800 чалавек з ліку расійскіх вайскоўцаў, якія ваявалі супраць Украіны, і іх сваякоў. Гэтую ініцыятыву падтрымаў віцэ-прэм’ер Беларусі Мікалай Снапкоў.
Раней аб’яднанне BelPol паведамляла, што ў Сочы, у санаторыі «Беларусь» кіраўніцтва справамі Аляксандра Лукашэнкі, ужо даўно і рэгулярна абслугоўваюць расійскіх вайскоўцаў, якія ваююць супраць Украіны.
Позірк/ав