Лідарка дэмакратычных сіл Беларусі Святлана Ціханоўская ў інтэрв’ю DW распавяла пра адносіны з мужам Сяргеем Ціханоўскім пасля яго вызвалення. Падзялілася і думкамі пра палітычныя амбіцыі Сяргея.
Паводле слоў Святланы Ціханоўскай, у іх ёсць дамоўленасць не абмяркоўваць дома палітычныя справы:
«Ён разумее маю ролю, ён не спрабуе яе змяніць. Зразумела, яму патрэбны час, каб знайсці сваё месца, за пяць гадоў шмат што змянілася. Яму яшчэ трэба шмат што даведацца, мы пакрысе яго вучым, расказваем, бо для палітыкі таксама патрэбны досвед. Але трэба выбраць свой шлях: або ты працуеш ў медыя і тады ты можаш гаварыць ад душы ўсё што хочаш, або ты палітык і тады мусіш думаць пра наступствы сваіх слоў», – сказала Святлана.
«Дома мы сям'я. У нас было пару нязначных канфліктаў на фоне: «навошта ты гэта сказаў, так няправільна, навошта ты пакрыўдзіў беларусаў». І мы вырашылі, што мы не пераносім дадому палітыку, мы дома сямʼя, мы дома з дзецьмі. Вядома, не заўсёды атрымліваецца, але мы стараемся».
«Стала лягчэй, бо мы зноў разам, але і складаней – я адчуваю адказнасць і за шлях Сяргея. Яго ўспрымаюць асобна, ён сам кажа: «Я не працую ў Офісе, я асобная структура, асобны чалавек». Ён энергічны, у яго шмат ідэяў, пакуль усё крыху хаатычна, але яно прыйдзе ў норму», – дадала яна.
Ціханоўская падкрэсліла, што яны з Сяргеем не супернікі, а ў сямʼі яны – тандэм.
«На палітычным полі Сяргею пакуль яшчэ трэба вызначыцца, каб зразумець, хто мы ў дачыненні адно аднаго», – падкрэсліла Ціханоўская.
вх