У верасні 2025 года на расійскім рынку рэалізавана 30 новых аўтобусаў Мінскага аўтамабільнага завода – у 3,8 раза больш, чым годам раней (8), сведчаць прааналізаваныя «Позіркам» звесткі агенцтва «АСМ-холдынг» (РФ).
Больш за ўсё аўтобусаў у мінулым месяцы паставілі расійскія вытворцы ПАЗ (РФ) – 399 (+19,8%), КамАЗ (РФ) – 100 (+42,9%) і «НефАЗ» – 135 (-16,1%).
За дзевяць месяцаў гэтага года на рынку РФ рэалізаваныя 192 аўтобусы МАЗ (335; зніжэнне ў 1,7 раза).
Усяго за 2024 МАЗ рэалізаваў у РФ 504 адзінкі гэтай тэхнікі (у 2023-м – 925; -45,5%) – 9-е месца (доля 2,6%).
Лідарамі продажаў у мінулым годзе былі ПАЗы (8.114; +26,3%), ЛіАЗы (2.889; +63,2%) і Yutong (2.215; +6,2%).
Буйныя прамысловыя прадпрыемствы – БелАЗ, БМЗ, МТЗ, МАЗ, а таксама канцэрны «Белнафтахім» і «Беллеспаперапрам» – не выканалі заданні па пастаўках прадукцыі ў Расію. Пра гэта, паводле паведамлення беларускай амбасады ў Маскве, ішла гаворка 10 верасня на пасяджэнні міжведамаснай рабочай групы па ажыццяўленні маніторынгу сітуацыі з пастаўкамі ў РФ.
«Усе чулі, у штогадовым пасланні прэзідэнт Расіі анансаваў, што да 2030 года суб’екты федэрацыі павінны атрымаць каля 40 тыс. аўтобусаў, тралейбусаў, трамваяў, электробусаў. Грошы на гэта выдзелены. Задача беларускай прамысловасці – падключыцца і забяспечыць не менш як 30% патрабаваных аб’ёмаў», – заявіў Аляксандр Лукашэнка 9 красавіка 2024 года на нарадзе па развіцці прамысловасці.
Разам з тым ён адзначыў, што «айчынная прадукцыя ўступае аналагам як па цане, так і па якасці».
Беларускія аўтобусы рэгулярна загараюцца падчас руху РФ і Беларусі, прычынай гэтага называюцца санкцыі, уведзеныя супраць МАЗа дэмакратычнымі краінамі, якія пазбавілі яго часткі якасных камплектуючых.
Апошні такі выпадак, пра які пісалі СМІ, быў зафіксаваны ў Іркуцку 5 ліпеня. Да гэтага аўтобусы гарэлі: 14 мая – у Варонежскай вобласці, 5 красавіка – у Санкт-Пецярбургу, 23 сакавіка – у Кіраве, 13 студзеня – у Ліпецку.
Праблему з беларускімі аўтобусамі ўскосна прызнаў Лукашэнка, які заявіў 19 верасня 2023 года на сустрэчы з губернатарам Краснадарскага краю РФ Веніямінам Кандрацьевым, што прычына ўзгарання пасажырскага транспарту ў Пецярбургу крыецца ў адсутнасці «якаснага і своечасовага абслугоўвання». Ён прапанаваў наладзіць тэхабслугоўваньне на месцы сіламі беларускіх рамонтнікаў.
На прэс-канферэнцыі 25 кастрычніка 2024 года намеснік галоўнага канструктара па грузавой тэхніцы Мінскага аўтамабільнага завода Мікалай Лакотка заявіў, што прычынамі частага ўзгарання тэхнікі прадпрыемства ў РФ з’яўляецца парушэнне ўмоў і правілаў эксплуатацыі.
Паводле яго, тэхніка «стала вельмі цяжкая, энерганасычаная, таму ўмовы эксплуатацыі і правілы эксплуатацыі ніхто не адмяняў».
12 студзеня 2025 года расійскае інтэрнэт-СМІ «Фантанка» апублікавала інтэрв’ю з кіраўніком камітэта па транспарце мэрыі Санкт-Пецярбурга Валянцінам Енакаевым, у якім чыноўнік адзначыў, што «пасля першых інцыдэнтаў з узгараннямі» МАЗу «было дадзена даручэнне» з боку віцэ-губернатара Санкт-Пецярбурга. Чыноўнік сцвярджаў, што беларускае прадпрыемства вырашыла праблему.
вс