Беларуская Служба

Тэставае выкарыстанне лічбавага рубля пачнецца ў сярэдзіне 2026 года – Нацбанк

15.10.2025 18:15
Нацбанк плануе, што да 2027 года лічбавы рубель стане даступны таксама фізічным асобам.
   .  .
Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь. Галоўны будынак.Аўтар: Homoatrox - Уласная праца, CC BY-SA 3.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=81301725

Укараненне лічбавага беларускага рубля (ЛБР) – адзін з галоўных кірункаў, па якіх працуе Нацбанк Бeларусі, заявіў 15 кастрычніка першы намеснік кіраўніка рэгулятара Аляксандр Ягораў, паведамляе «Позірк».

«У сярэдзіне 2026 года мы прыступім да тэставых плацяжоў і ўжо да канца 2026-га ўкаранім сістэму ў прамысловую эксплуатацыю. Першымі кейсамі, якія мы будзем адпрацоўваць, будуць плацяжы, скажам так, расходаў бюджэтаў або квазібюджэтных выдаткаў. І другое – гэта трансгранічныя плацяжы, дзе мы працуем у шчыльным супрацоўніцтве з Расійскай Федэрацыяй», – падкрэсліў Ягораў.

Паводле яго слоў, важным застаецца і «ўкараненне QR-плацяжоў на аснове сістэмы імгненных плацяжоў, якія дазволяць без выкарыстання картачных тэхналогій грамадзянам праводзіць плацяжы».

Намеснік кіраўніка Нацбанка адзначыў, што да канца бягучага года будзе рэалізаваны пілотны праект з удзелам асобных банкаў і арганізацый гандлю і сэрвісу. З сярэдзіны 2026 года плануецца, што наяўнасць гэтага сэрвісу стане абавязковым ва ўсіх буйных гандлёвых сетках.

Плануецца, што лічбавы рубель будзе прымяняцца па двух асноўных напрамках: для «кантролю выкарыстання бюджэтных сродкаў« і «трансгранічных плацяжоў«.

Нацбанк плануе, што да 2027 года ён стане даступны таксама фізічным асобам.

Галоўнае адрозненне лічбавага беларускага рубля ад крыптавалюты ў тым, што яго кошт будзе кантраляваць рэгулятар.

аз