Візавы цэнтр Польшчы ўводзіць новую катэгорыю віз тыпу D – Прадпрыемствы. Яна прызначана для заяўнікаў, якія атрымліваюць запрашэнні ад кампаній, зарэгістраваных у спецыяльным рэестры прадпрымальнікаў. Пра гэта паведаміў візавы цэнтр VFS Global.
З 1 чэрвеня 2025 года ў Польшчы набыў моц закон аб правілах даручэння працы іншаземцам. Ён увёў прыярытэтны парадак разгляду заяў на візу і на выдачу дазволаў на працу тым іншаземцам, якія будуць працаваць у прадпрымальнікаў, уключаных у спецыяльны спіс. Яго вядзе Мінэканомікі.
Паводле даных на 3 лістапада 2025 года, у спісе больш як 2,4 тыс. суб'ектаў гаспадарання. І далёка не ўсе яны маюць прыярытэтнае значэнне для эканомікі. Напрыклад, нядаўна пералік прааналізавала Gazeta Prawna. Высветлілася, што ў яго ўвайшлі пякарня, невялікая кандытарская, крама кармоў для жывёл, вытворцы лазневага прыладдзя і нават пазлаў.
Справа ў тым, што ў спіс уключаюцца субʼекты гаспадарання, якія скарысталіся падтрымкай, якая прадугледжваецца законам ад 10 мая 2018 года аб падтрымцы новых інвестыцый. Гэта могуць быць і буйныя кампаніі, і малыя ці нават мікрапрадпрыемствы.
Таксама ў спіс уключаны кампаніі, якія скарысталіся іншымі формамі дзярждапамогі:
заключылі грантавае пагадненне ў рамках Праграмы падтрымкі інвестыцый, якія маюць важнае значэнне для польскай эканомікі, на 2011-2030 гады.
падпісалі пагадненне аб падтрымцы ў адпаведнасці з пастановай міністра развіцця і тэхналогій ад 29 верасня 2023 года. Па ім дапамога прадстаўляецца інвестпраектам, якія маюць стратэгічнае значэнне для пераходу да эканомікі з нулявым узроўнем выкідаў.
mostmedia.io/ав