Увесці «дакладныя механізмы праверкі таго, ці вызваленні [беларускіх палітвязняў] адбываюцца сапраўды і працягваюцца», разгледзець «магчымасць неадкладнага аднаўлення санкцыяў» для рэжыму Аляксандра Лукашэнкі «ў выпадку новых арыштаў з палітычных матываў» заклікала адміністрацыю прэзідэнта ЗША Дональда Трампа міжпартыйная група амерыканскіх парламентароў, паведамляе «Радыё Свабода».
Сенатар-рэспубліканец Джон Кэртыс, сенатар-дэмакрат Пітэр Ўэлч і дэмакраты – чальцы Палаты прадстаўнікоў Стыў Коэн і Джо Ўілсан накіравалі ліст дзяржаўнаму сакратару ЗША Марка Рубіё. 17 лістапада Уэлч апублікаваў на сваім сайце тэкст гэтага звароту.
«Перамовы з рэжымам Лукашэнкі непазбежна спрыяюць яго імкненню да легітымнасці ў вачах міжнароднай супольнасці, – гаворыцца ў лісце. – Паколькі адміністрацыя працягвае ўзаемадзейнічаць з гэтым нелегітымным рэжымам, мы заклікаем да асцярожнасці, каб любы прагрэс у вызваленні палітычных зняволеных не быў падарваны захаваннем практыкі адвольных затрыманняў».
«Нельга дапускаць, каб практыка рэжыму, калі вызваляюць некаторых зняволеных, адначасова затрымліваючы новых апазіцыянераў, журналістаў і праваабаронцаў, працягвалася бескантрольна», – падкрэслілі аўтары звароту.
Адначасова, як пазначана ў лісце, Беларусь «працягвае спрыяць незаконнай агрэсіўнай вайне Расіі супраць Украіны, у тым ліку даючы магчымасць нанясення ўдараў дронамі з яе тэрыторыі і падтрымліваючы гібрыдныя ваенныя тактыкі, такія як арганізацыя нелегальнай міграцыі ў Еўрасаюз».
«Гэтыя дзеянні не толькі спрыяюць працягу рэпрэсіяў у краіне, але і наўпрост падрываюць інтарэсы ЗША і трансатлантычную бяспеку ў рэгіёне ў цэлым, – канстатавалі парламентары. – Хоць мы прызнаем значныя дасягненні адміністрацыі на гэты момант, гэтыя дзеянні сведчаць пра неабходнасць пастаяннай пільнасці і выстаўлення ўмоваў пры любых далейшых узаемадзеяннях з рэжымам Лукашэнкі».
Аўтары звароту заклікалі адміністрацыю «каардынаваць свае дзеянні з беларускім дэмакратычным лідарам Святланай Ціханоўскай і беларускім дэмакратычным рухам, у тым ліку ў рамках Стратэгічнага дыялогу паміж Злучанымі Штатамі і дэмакратычнымі сіламі Беларусі».
Сябры Кангрэсу ЗША таксама абнародавалі спіс палітзняволеных, вызваленню якіх, на іх думку, трэба надаць прыярытэтную ўвагу на будучых перамовах.
«Усе абвінавачанні з вызваленых палітвязняў павінны быць знятыя. Іх не павінны прымушаць да выгнання, што ёсць парушэннем міжнароднага права», – пазначылі сваю пазіцыю аўтары ліста.
«Мы таксама заклікаем Дзяржаўны дэпартамент надаць прыярытэтную ўвагу вызваленню асобаў, якія маюць патрэбу ў тэрміновай мэдычнай дапамозе, уключаных у так званы «гуманітарны спіс«, складзены беларускімі праваабарончымі арганізацыямі», – гаворыцца ў звароце.
Сярод іншых кангрэсмены згадваюць зняволенага ўдзельніка выбараў 2020 году Віктара Бабарыку, Алеся Бяляцкага, лаўрэата Нобэлеўскай прэміі міру і старшыню праваабарончага цэнтру «Вясна», праваабаронцаў Марфу Рабкову, Валянціна Стэфановіча і Уладзімера Лабковіча, Насту Лойку, журналіста Дзяніса Івашына і Кацярыну Андрэеву, якія знаходзяцца ў турме за напісанне артыкулаў з крытыкай ураду.
9 лістапада прэзідэнт ЗША Дональд Трамп паведаміў у сваёй сацыяльнай сетцы Truth Social, што намінаваў 78-гадовага Джона Коўла на пасаду спецыяльнага пасланніка прэзідэнта ЗША па Беларусі.
У 2025 годзе Коўл удзельнічаў у вызваленні (з далейшым вывазам у Літву) дзвюх групаў беларускіх палітвязняў, а таксама замежных грамадзян без гэтага статусу: 21 чэрвеня – 14 чалавек, 11 верасня – 51 чалавека.
14 кастрычніка на нарадзе ў пытаннях «глабальнай міжнароднай абстаноўкі і развіццю беларуска-амерыканскіх адносінаў» Лукашэнка заявіў аб гатоўнасці да «вялікай угоды» з ЗША.
11 верасня і 4 лістапада ЗША ў два этапы знялі санкцыі з авіякампаніі «Белавія», у тым ліку з трох самалётаў, якія могуць мець дачыненне да Лукашэнкі і кампаніі «Славкалий», якая раней актыўна працавала на тэрыторыі Беларусі.
вх