Дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская вітала вызваленне каталіцкіх святароў Генрыха Акалатовіча і Анджэя Юхневіча.
Іх вызваленне з’яўляецца «напамінам пра тое, што салідарнасць і міжнародная ўвага і дзеянні маюць значэнне», адзначыла палітык у сваім Тэлеграм-канале. Пра гэта паведамляе «Позірк».
Дэмлідар выказала «глыбокую ўдзячнасць» папу Льву XIV і Святому пасаду за іх «пастаянную, прынцыповую пазіцыю, за маральную падтрымку і намаганні па абароне беларускіх святароў і вернікаў».
«Мы памятаем і высока цэнім публічныя крокі Ватыкана, у тым ліку наш удзел у развітанні з папам Францішкам, кантакты з апостальскай нунцыятурай у Вільнюсе ды іншыя жэсты салідарнасці», – напісала Ціханоўская.
У той жа час яна падкрэсліла, што дэмсілы вядуць пастаянную і сістэмную працу са Святым пасадам, і пытанне вызвалення святароў і ўсіх незаконна зняволеных беларусаў з’яўляецца ў гэтых кантактах адным з ключавых.
Ціханоўская нагадала, што за кратамі застаюцца «іншыя вернікі і людзі веры, якія сталі ахвярамі рэпрэсій».
«Мы настойваем, каб усе зняволеныя вернікі былі вызваленыя, а пераслед Касцёла і любых канфесій быў канчаткова спынены. Аніводзін чалавек не мусіць сядзець у турме за сваю веру, маральны выбар або служэнне блізкім», – адзначыла палітык.
Дэмлідар выказала ўпэўненасць, што Беларусь мае быць і будзе краінай, у якой «веру паважаюць, а не караюць за яе».
Пра вызваленне святароў Генрыха Акалатовіча і Анджэя Юхневіча стала вядома ранкам 20 лістапада з паведамлення прэс-службы Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі (ККББ).
вс