МЗС Літвы расцэньвае дзеянні Мінска як шантаж і заяўляе пра намер узмацніць ціск на беларускі рэжым. Падставай стала тое, што беларускія ўлады не выпускаюць з краіны грузавікі, зарэгістраваныя ў Літве, а таксама дамагаюцца сустрэчы на ўзроўні міністэрстваў, — паведамляе reform.news.
«Мы не бачым ніякіх падстаў паддавацца прымусу і шантажу з боку Беларусі. Дзеянні рэжыму Лукашэнкі — гэта чарговая спроба націснуць на Літву і шукаць шляхі легітымацыі рэжыму», — заявілі ў МЗС Літвы. Паводле ведамства, фактычнае ўтрыманне маёмасці літоўскіх кампаній толькі ўмацоўвае аргументы Літвы на карысць больш жорсткіх санкцый.
«Выкраданне грамадзян ЕС, а цяпер і іх маёмасці, не зменіць прынцыпаў ЕС. Міжнародная ізаляцыя будзе працягвацца, а ціск на рэжым — узмацняцца», — падкрэслілі ў Вільні.
Нягледзячы на адкрыццё Літвой двух памежных пераходаў з Беларуссю, літоўскія грузавікі ўсё яшчэ не выпускаюць з Беларусі. Паводле прадстаўнікоў транспартных арганізацый, беларускі бок трымае машыны на спецстаянках.
эж