Беларуская Служба

У Літве прапанавалі кампенсаваць захраслыя ў Беларусі грузавікі беларускай маёмасцю

08.12.2025 08:28
Лідар дэмакратычнага саюза «У імя Літвы» Саўлюс Сквярняліс мяркуе, што арыштаваныя ў Беларусі літоўскія цягачы, магчыма, не вернуць, і трэба да гэтага рыхтавацца.
   ( )
Пункт пропуску «Мядзінінкай» («Каменны Лог»)крыніца: Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы/Valstybės sienos apsaugos tarnyba

Паводле ягоных слоў, у такім выпадку за страчаныя грузавікі перавозчыкам можна заплаціць замарожанай беларускай маёмасцю ў Літве, напрыклад, выкарыстаць для гэтага санаторый «Беларусь», піша Наша Ніва.

«Трэба правесці інвентарызацыю, высветліць, колькі цягачоў у закладніках, паколькі сітуацыя напраўду не такая, як нам яе падаюць, гаворка ідзе пра іншую колькасць. І проста трэба зразумець, што іх страцяць, а перавозчыкам давядзецца плаціць кампенсацыю. Але не са сродкаў літоўскага бюджэту, а за кошт беларускай маёмасці ў Літве», – сказаў палітык.

Ён мяркуе, што дзяржава павінна рыхтавацца да такога кроку.

«Ніхто не забараняе ініцыяваць юрыдычныя працэдуры, выкарыстоўваць часовыя сродкі абароны, напрыклад, калі казаць пра той жа санаторый у Друскеніках, ацаніць маёмасць, апісаць яе з дапамогай калектараў і падрыхтавацца да рэалізацыі, калі давядзецца выплачваць кампенсацыі», – сказаў Сквярняліс.

«Калі цягачы канфіскуюць, значыць, асіметрычныя меры будуць прынятыя ў Літве. Іншы бок павінен гэта зразумець», – заўважыў палітык.

Ён пазітыўна ацаніў рашэнне аб увядзенні рэжыму надзвычайнай сітуацыі ля мяжы, і лічыць, што ўрад мусіць прыняць больш жорсткія меры.

«Я думаю, што для ўвядзення НС ёсць усе прыкметы», – падкрэсліў Сквярняліс.
У канцы кастрычніка Літва закрыла мяжу з Беларуссю – гэта быў адказ на гібрыдныя атакі з беларускага боку. Беларускія ўлады ў адказ забаранілі рух па краіне літоўскіх фур – больш за 1000 фур паставілі на адмысловыя пляцоўкі, за кожны дзень прастою там літоўскія кампаніі плацяць па 120 еўра. Нават пасля адкрыцця мяжы беларускі бок не выпусціў цяжкагрузы з Беларусі.

НН/ав