У Расіі 2-і Усходні акруговы вайсковы суд прыгаварыў 54-гадовага беларуса Сяргея Ерамеева, абвінавачанага ў падрыве цягнікоў на БАМе, да 22 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі строгага рэжыму, з іх першыя 5 гадоў ён будзе адбываць у турме. Таксама Ерамееву прызначаны штраф у памеры 1 млн расійскіх рублёў (каля 12,5 тыс. долараў), паведамляе «Позірк» са спасылкай на Генеральную пракуратуру РФ.
«Суд устанавіў, што Ерамееў за грашовую ўзнагароду ўвайшоў у склад тэрарыстычнай супольнасці, створанай для здзяйснення выбухаў на аб’ектах транспартнай інфраструктуры Усходне-Сібірскай чыгункі», – заяўляе расійскае нагляднае ведамства.
Паведамляецца, што, «выконваючы ўказанні арганізатараў злачынства, ён атрымаў самаробныя выбуховыя прылады (СВП), пульты кіравання імі, прайшоўшы перад гэтым адпаведнае навучанне».
Справа Ерамеева была накіраваная ў суд у ліпені гэтага года. 5 снежня 2024 года паведамлялася, што па справе завершаныя асноўныя следчыя дзеянні.
Сцвярджалася, што Ерамееў прызнаў віну падчас следства – паведаміў, што хацеў паралізаваць рух на чыгунцы: «Я напісаў у тлумачэнні, што праз БАМ зараз вязуць боепрыпасы… Галоўная мэта была перашкодзіць руху».
Пра затрыманне Ерамеева ў Омскай вобласці Расіі паводле падазрэння ў здзяйсненні тэракту паведаміла 7 снежня 2023 года Федэральная служба бяспекі РФ.
Сяргей Ерамееў – экс-супрацоўнік наваполацкага нафтаперапрацоўчага завода «Нафтан», удзельнік страйку на прадпрыемстве ў 2020 годзе. На прадпрыемстве працаваў прыбарыстам кантрольна-вымяральных прыбораў і аўтаматыкі.
Паводле пракуратуры, прыбыўшы ў Бурацію, Ерамееў усталяваў пульты перад уездам у Паўночна-Муйскі тунэль, а СВП заклаў на вагонах-цыстэрнах з дызельным палівам двух грузавых цягнікоў на бліжэйшых станцыях. У выніку «29 лістапада ў Паўночна-Муйскім тунэлі і 30 лістапада 2023 года на перагоне Перавал — Гарачы Ключ Усходне-Сібірскай чыгункі (абыход Паўночна-Муйскага тунэлю) адбыліся падрывы СВП”». «Гэта прывяло да разбурэння вагонаў-цыстэрнаў, узгарання і разліву паліва, пашкоджання чыгуначнай інфраструктуры, у тым ліку элементаў тунэлю. Сума нанесенай уласнікам маёмасці шкоды перавысіла 102 млн рублёў», — гаворыцца ў паведамленні.
аз