Беларуская Служба

Начальнік міліцыі Брагіна страляў у сваю жонку

19.12.2025 11:29
«Пашанцавала: літаральна некалькі міліметраў лявей — і яна б не выжыла», — піша экс-палітвязень блогер Ігар Лосік.
Сяргей Нязнаеў Фота: «Маяк Палесся»

Начальнік Брагінскага РАУС, палкоўнік міліцыі Сяргей Нязнаеў апынуўся за кратамі пасля таго, як страляў у сваю жонку. Пра гэты выпадак расказаў экс-палітвязень блогер Ігар Лосік.

Блогер аказаўся з былым міліцыянтам у адной камеры СІЗА КДБ. Паводле Лосіка, Нязнаеў напіўся і стрэліў у сваю жонку Аксану. «Пашанцавала: літаральна некалькі міліметраў лявей — і яна б не выжыла», — піша блогер. Ён дадае, што 46-гадовага экс-палкоўніка ўжо асудзілі, але дакладны прысуд невядомы.

У 2020 годзе Нязнаеў быў першым намеснікам начальніка РАУС у Карме і дэпутатам мясцовага райсавета. У той час яго імя трапіла на Чорную карту Беларусі: міліцыянт даваў у судзе хлуслівыя паказанні супраць удзельнікаў пратэстаў, піша «Наша Ніва». У лютым 2021-га Нязнаеў быў дэлегатам Усебеларускага народнага сходу. У канцы таго ж года ён пайшоў на павышэнне — узначаліў Брагінскі РАУС.

эж