Беларуская Служба

Ва Украіне агента КДБ Беларусі асудзілі на 15 гадоў за шпіянаж

24.12.2025 12:33
Мужчына на замову КДБ Беларусі праводзіў фота- і відэаздымку абарончых збудаванняў.
Аўдыё

На Валыні суд прысудзіў да 15 гадоў пазбаўлення волі агента КДБ Беларусі, які шпіёніў за ўкраінскімі памежнікамі. Пра гэта са спасылкаю на Валынскую абласную пракуратуру паведамляе РБК-Украіна.

У судзе было даказана, што ў 2024 годзе 25-гадовы мужчына пагадзіўся супрацоўнічаць з замежнай спецслужбай і на замову КДБ Беларусі праводзіў фота- і відэаздымку абарончых збудаванняў паблізу дзяржаўнай мяжы Украіны. Атрыманыя матэрыялы ён перадаваў куратару, за што атрымліваў грашовую ўзнагароду пералічэннямі на банкаўскую картку.

Акрамя фота- і відэаздымкі абарончых аб'ектаў у памежнай зоне Валынскай вобласці, выконваў і дадатковыя задачы, дзейнічаючы сакрэтна і канфідэнцыйна. Гэтая дзейнасць працягвалася да мая 2025 года.

Мужчыну ва ўмовах ваеннага становішча прызналі вінаватым у здрадзе дзяржаве і прыгаварылі да 15 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.

Дасудовае расследаванне гэтага здарэння праводзілася СБУ ў Валынскай вобласці пад працэсуальным кіраўніцтвам абласной пракуратуры. У судзе было даказана, што дзеянні мужчыны стваралі пагрозу абараназдольнасці Украіны ва ўмовах поўнамаштабнай вайны. Прысуд вынесены паводле другой часткі 111 артыкула Крымінальнага кодэкса Украіны. Ён уступіць у сілу пасля заканчэння тэрміну абскарджання.

Падчас дасудовага расследавання абвінавачаны знаходзіўся пад вартай.

вх