Беларуская Служба

Мінабароны Беларусі запланавала на 2026 год больш за 920 мерапрыемстваў з 35 краінамі

02.01.2026 17:16
Сёлета ў Беларусі пройдуць вучэнні з міратворчымі сіламі АДКБ, а ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах – манеўры з удзелам беларускай арміі.
Беларускія вайскоўцы на вучэнняхкрыніца: Міністэрства абароны Беларусі

Міністэрства абароны Беларусі запланавала на 2026 год больш за 920 мерапрыемстваў з 35 краінамі на трох кантынентах, паведаміў начальнік дэпартамента міжнароднай вайсковай супрацы (МВС) – памочнік міністра па пытаннях МВС Валерый Равенка. Пра гэта інфармуе «Позірк».

Сярод іншага, як напісаў чыноўнік на сваёй старонцы ў сацсетцы Х, сёлета ў Беларусі пройдуць вучэнні з міратворчымі сіламі Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы, у Аб’яднаных Арабскіх Эміратах – манеўры з удзелам беларускай арміі. Акрамя таго, вайскоўцы з Беларусі возьмуць удзел у міжнародных спаборніцтвах у Пакістане PATS-2026.

Паводле інфармацыі Равенкі, па лініі міжнароднай вайсковай супрацы ў 2025 годзе адбылося 756 мерапрыемстваў (з удзелам міністра і яго намеснікаў – 97). Міністр абароны Віктар Хрэнін здзейсніў чатыры афіцыйныя візіты – у М’янму, Катар, Пакістан і Зімбабвэ, а начальнік Генеральнага штаба Узброеных сіл Павел Муравейка тры – у В’етнам, Кубу і Казахстан. Падпісаныя тры міжнародныя пагадненні – з Пакістанам, Кыргызстанам і Зімбабвэ.

У 2025 годзе, на думку памочніка міністра, адбылася «значная актывізацыя вайсковай і вайскова-тэхнічнай супрацы».

вс