Беларуская Служба

Лукашэнка ўзнагародзіў медалём імя Скарыны прапагандыстаў

14.01.2026 13:06
Падчас прамовы беларускі дыктатар прыраўняў прадстаўнікоў дзяржаўных СМІ да вайскоўцаў.
Аляксандар Лукашэнка правёў традыцыйны прыёмbelta.by

Аляксандр Лукашэнка 13 студзеня правёў традыцыйны для гэтага часу прыём, на якім уручыў узнагароды прадстаўнікам дзяржаўных СМІ і прадпрыемстваў, а таксама спецыяльных службаў, паведамляе «Свабода».

«Вы заўсёды побач. Без перабольшвання – абараняеце інтарэсы краіны на нашым інфармацыйным полі. Разам з вайскоўцамі. Хоць вы цяпер нават знаходзіцеся наперадзе нашых вайсковых людзей», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У прыватнасці, Лукашэнка ўручыў медалі Скарыны прапагандыстам з тэлевізіі – першаму намесніку старшыні Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Сяргею Гусачэнку і дырэктарцы філіялу міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі «Мир» у Беларусі, старшыні Беларускага саюзу жанчын Вользе Шпілеўскай.

Яшчэ чатыры супрацоўнікі дзяржаўных СМІ атрымалі падзякі Лукашэнкі, а дырэктар выдавецкага дому «Беларусь сегодня» Дзмітрый Жук атрымаў званне заслужанага работніка сродкаў масавай інфармацыі.

У сваю чаргу, кіраўнік КДБ Іван Цeрцель атрымаў званне заслужанага супрацоўніка органаў дзяржаўнай бяспекі.

аз