Гісторык, прафесар Антон Мірановіч нядаўна выдаў дзве навуковыя публікацыі, прысвечаныя прысутнасці праваслаўя на землях Вялікага Княства Літоўскага. Даследчык з Беластока звяртае ў іх увагу на вялікае значэнне праваслаўя ў ВКЛ, у тым ліку ў сталіцы Вільні.
Важнай датай, на яго думку, з’яўляецца 1415 год – з таго часу праваслаўе на тэрыторыі ВКЛ атрымала сваю незалежную структуру, а вось у пачатку XVI стагоддзя ў Вільні былі 22 цэрквы і шэсць манастыроў.
– Калі мы глянем на тагачасную Вільню, дарэчы, у маёй кнізе ёсць карты, то бачым, якая вялікая сіла была тады ў праваслаўнай царквы. На пачатак XVI стагоддзя на тэрыторыі адной толькі Вільні былі 22 цэрквы і шэсць манастыроў. Гэта сведчыць пра магутнасць праваслаўя ў ВКЛ.
Дарэчы, пра гэта пісалі таксама чужынцы, якія наведвалі Вільню. Так, італьянцы і палякі згадвалі, што паўсюдна чуваць рускую мову, гэта значыць старабеларускую, якая для насельнікаў горада была роднай і ў ім дамінавала. Дык вось, яны пісалі, што ў цэнтры горада і іншых яго частках было чуваць звон званоў, якія заклікалі на набажэнствы. Чужынцы таксама пыталіся: а дзе ж нашы лацінскія касцёлы? Касцёлы лацінскія былі, але не так шмат, як праваслаўных цэркваў.
Чаму гэта пазней змянілася?
– Перш за ўсё таму, што тады большая частка Вільні была драўляная. А пажары, якія ўспыхалі ў XVI стагоддзі, і асабліва ў 1557 годзе, знішчалі цэрквы, пабудовы і царкоўныя маёнткі.
Другая рэч – гэта тое, што змянілася палітыка. Контррэфармацыя, якая прыйшла, прычынілася да таго, што шматлікія фундатары, хоць бы Сапегі, Янушковічы ці Салты, ужо не будавалі ў горадзе сваіх рэзідэнцый і капліц. Яны прымалі пратэстанцкае веравызнанне альбо каталіцызм.
Чарговым момантам стаў канец XVI стагоддзя, калі была ўведзена ўнія і калі пад ціскам Жыгімонт III Вазы царкоўныя іерархі царквы былі прымушаныя прыняць уніяцтва.
поўная размова – слухайце аўдыёфайл
размаўляў Яраслаў Іванюк