Намеснік міністра ўнутраных справаў Беларусі, камандуючы ўнутранымі войскамі Мікалай Карпянкоў заявіў, што ўлады працягваюць развіваць падраздзяленні спецыяльнага прызначэння, паведамляе «Свабода».
«Нягледзячы на складаную абстаноўку на вонкавым контуры, мы спакойна і паслядоўна рэалізавалі запланаваны комплекс захадаў для развіцця ўнутраных войскаў. Працягнулі падрыхтоўку добраахвотнікаў падраздзяленняў спецыяльнага прызначэння і атрадаў народнага апалчэння», – паведаміў Мікалай Карпянкоў на паседжанні калегіі Міністэрства ўнутраных справаў аб выніках дзейнасці ў 2025 годзе.
Паводле прэс-службы МУС Беларусі, Карпянкоў заявіў, што ў выніку планавых і раптоўных праверак унутраныя войскі «гатовыя да выканання баявых задач».
«Аптымізуецца абарона Беларускай АЭС, развіваюцца падраздзяленні спецыяльнага прызначэння. Іх байцы супольна з калегамі з крымінальнай міліцыі затрымалі прыблізна 1 500 падазраваных», – сказаў намеснік кіраўніка МУС.
Карпянкоў таксама паведаміў, што на базе спецпадраздзяленняў створаныя цэнтры беспілотнай авіяцыі, уведзеныя ў эксплуатацыю сучасныя комплексы барацьбы з дронамі.
Апошнім часам Міністэрства ўнутраных справаў усё часцей паведамляе, што грамадзян, якіх падазраюць у «экстрэмізме» або «прапагандзе нацызму», затрымліваюць пры сілавой падтрымцы атрадаў спецыяльнага прызначэння.
аз