Міністэрства юстыцыі ЗША апублікавала мільёны дакументаў у справе амерыканскага фінансіста Джэфры Эпштэйна, асуджанага за сексуальныя злачынствы і загінулага ў турме. У дакументах каля 1500 разоў згадваецца Беларусь. Ёсць у справе і канкрэтныя імёны. Пра беларускі след у гэтай справе піша Свабода.
Джэфры Эпштэйн — амерыканскі фінансіст. Яго двойчы судзілі за злачынствы сексуальнага характару, абвінавачвалі ў стварэнні сеткі вярбавання і сексуальнай эксплуатацыі непаўналетніх дзяўчат, што дзейнічала шмат гадоў.
У 2005 годзе Эпштэйна першы раз арыштавалі па абвінавачанні ў распусных дзеяннях у дачыненні да 14-гадовай дзяўчынкі. Паліцыя выявіла дзясяткі меркаваных ахвяр, аднак пракуратура таемна ад ахвяр дамовілася аб пазасудовай угодзе: фінансіст атрымаў 1,5 года турмы і дазвол рэгулярна адлучацца з яе ў сваіх справах. У 2019 годзе Эпштэйн быў зноў арыштаваны ФБР і пакончыў з сабой у турме, знаходзячыся пад арыштам. Яго саўдзельніца Гіслейн Максвел асуджана ў 2021 годзе і адбывае 20-гадовы тэрмін.
30 студзеня Мінюст ЗША на патрабаванне Кангрэса апублікаваў у інтэрнэце каля 3 мільёнаў розных дакументаў у справе Эпштэйна, дзе згадваюцца такія імёны, як Дональд Трамп, Біл Гейтс, былы брытанскі прынц Эндру і іншыя вядомыя асобы. Ёсць каля 1500 згадак пра Беларусь і грамадзян Беларусі.
Найбольш файлаў і апублікаваных дакументаў тычыцца Карыны Шуляк, блізкай сяброўкі і магчымай каханкі фінансіста. Паводле спецыяльнасці Карына — стаматолаг, навучалася ў БДМУ з 2006 па 2010 год, але не скончыла ўніверсітэту.
Шуляк прыехала ў ЗША ў 2009 годзе, а ў 2010 пазнаёмілася там з Джэфры Эпштэйнам, які вызваліўся пасля 13 месяцаў турмы за ўцягванне ў прастытуцыю непаўналетніх.
Універсітэт у Беларусі дзяўчына кінула на 4 курсе і пазней у анкеце, як вынікае з дакументаў, ужо ў ЗША тлумачыла гэта «дыктатарскім рэжымам у Беларусі» і «адсутнасцю бяспекі за сябе».
Гэта вынікае з перапіскі з Эпштэйнам у студзені 2012 году, Карына цытуе частку сваёй анкеты, пытаецца, ці правільна яна адказала.
Стасункі пары былі настолькі блізкімі, што Эпштэйн збіраўся прыехаць у Беларусь і спыніцца ў бацькоў Карыны Шуляк. Аднак, Эпштэйн у Беларусь так і не прыехаў, гэта пацвердзілі ў арганізацыі былых сілавікоў Belpol. Гэта мусіла адбыцца ў траўні 2016 году. У перапісцы з беларускім консульствам Шуляк даводзіла, што Эпштэйн збіраецца ў госці менавіта да яе.
Бацька Карыны — Ігар Шуляк не раз атрымліваў буйныя грашовыя пераводы як ад Эпштэйна, так і ад сваёй дачкі. Напрыклад, у кастрычніку 2013 год Карына перавяла свайму бацьку 20 000 долараў.
Былі і іншыя пераводы са значнымі сумамі: 10 000 долараў, 20 000 долараў, 25 000 у розныя гады. Згодна з базамі дадзеных, бацька Карыны — Ігар Шуляк прадпрымальнік, маці — беспрацоўная. Бацькі карыны Шуляк знаёмыя з Эпштэйнам асабіста, з архіваў дакументаў вынікае, што яны прыляталі ў ЗША ў 2012 годзе і, магчыма, пазней.
Згодна з апублікаванымі дакументамі, Эпштэйн браў вельмі актыўны ўдзел у жыцці Карыны Шуляк у ЗША, дапамагаў з атрыманнем дакументаў, адукацыяй, ліцэнзіяй, каб яна магла працаваць паводле спецыяльнасці — стаматолагам.
Згодна з інфармацыяй The New York Times, Карына Шуляк магла быць апошнім суразмоўцам Эпштэйна. Такая размова згадваецца ў дакументах, але там не пазначаецца канкрэтнае імя чалавека.
Сярод дакументаў, апублікаваных Міністэрствам юстыцыі, ёсць траставае пагадненне, падпісанае Джэфры Эпштэйнам 8 жніўня 2019 года — усяго за два дні да яго самагубства ў турэмнай камеры. Паводле аналізу ABC News, беларуска Шуляк — галоўная бенефіцыярка ягонай маёмасці. У дакументах пазначана, што Эпштэйн запісаў на яе 50 мільёнаў долараў. А таксама нерухомасць: ранча Эпштэйна Zorro ў Нью-Мэксыка; яго ўласнасць на скандальна вядомым востраве Літл-Сэнт-Джэймс і суседнім Грэйт-Сэнт-Джэймс; кватэра ў адным з самых прэстыжных раёнаў Парыжу, каля Трыумфальнай аркі ды іншае. Карына Шуляк афіцыйна не каментавала гэтыя звесткі.
Таксама ў дакументах знайшоўся допіс былой герцагіні Ёрку Сары Фэргюсан, якая віншуе Эпштэйна з нараджэннем хлопчыка. Раней не было нічога вядома пра дзяцей фінансіста-педафіла. Медыя задаюцца пытаннем, ці мае да гэтага дачыненне Карына Шуляк.
нг