Беларуская Служба

У асноўнай праграме Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы ўпершыню прайшла дыскусія пра Беларусь

15.02.2026 10:28
Удзел у ёй прынялі Святлана Ціханоўская і кіраўнік МЗС Літвы Кястуціс Будрыс. 
.      .
С. Ціханоўская на Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы.Фота: ТГ С. Ціханоўскай

Вызваленне палітвязняў, пагроза нармалізацыі стасункаў з Лукашэнкам і роля краіны ў рэгіянальнай бяспецы. У асноўнай праграме Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы 14 лютага прайшла панэльная дыскусія "Беларусь — у цэнтры ўвагі". Удзел у ёй прынялі Святлана Ціханоўская і кіраўнік МЗС Літвы Кястуціс Будрыс. Zerkalo.io выбрала ключавыя моманты.

Пра «гандаль людзьмі» і спробы раскалоць дэмсілы

Святлана Ціханоўская падкрэсліла, што вызваленне часткі палітвязняў - гэта вынік ціску Захаду, а не гуманізму Аляксандра Лукашэнкі. Яна перасцерагла заходніх партнёраў ад успрымання гэтых крокаў як нагоды для зняцця санкцый або нармалізацыі адносін.

- Важна падкрэсліць, што ўсе гэтыя вызваленні былі б немагчымыя без моцнай і прынцыповай пазіцыі Еўрапейскага Саюза. Калі Лукашэнка вызваляе людзей, то не таму, што ён раптоўна стаў гуманным, а таму што ўся гэтая санкцыйная палітыка, палітыка ізаляцыі і непрызнання працуе ў дадзены момант. Гуманітарны трэк не роўны нармалізацыі сітуацыі, прызнанню ці легітымізацыі Лукашэнкі. Мы павінны падзяляць гэтыя трэкі, бо пакуль Лукашэнка гандлюе людзьмі, у краіне няма ніякіх змен. Ён той жа нелегітымны чалавек, які захапіў уладу, таму ён працягвае рэпрэсіі ў краіне і здзяйсняе транснацыянальныя рэпрэсіі, - падкрэсліла лідэрка беларускіх дэмсілаў.

Ціханоўская таксама пракаментавала вызваленне знакавых лідараў пратэсту, такіх як Марыя Калеснікава і Віктар Бабарыка. На яе думку, улады хацелі б выкарыстаць гэта для спробы ўнесці разлад у дэмакратычныя сілы.

- Мы бачым гэтыя наратывы рэжыму: як раскалоць нас, падзяліць, трансфармаваць нас у свайго роду «расійскую апазіцыю», дзе так шмат груп, якія канкуруюць адзін з адным. І мая задача - захаваць адзінства нашых дэмакратычных сіл. Мы пабудавалі альтэрнатыўныя інстытуты ўлады, якія працуюць даволі эфэктыўна, таму мы знаходзімся ў сталай камунікацыі з усімі людзьмі, якія былі вызваленыя <…>. Мы робім гэта, каб захаваць нашы аб'яднаныя наратывы, хаця, вядома, тактыкі могуць быць рознымі

Літва: Беларусь як «задні двор для гаражнага распродажу»

Міністр замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс заявіў, што Вільня не мае ілюзій адносна рэжыму Лукашэнкі. Ён зазначыў, што Беларусь за апошнія гады страціла рэшткі суверэнітэту, стаўшы плацдармам для расійскай агрэсіі і размяшчэння ядзернай зброі.

Будрыс рэзка выказаўся аб ідэі далучэння афіцыйнага Мінска на запрашэнне ЗША да «Рады міру».

- Гэта была, я б сказаў, няўдалая прапанова. У нас ёсць лідар [Лукашэнка], якога мы ў Літве накіравалі [матэрыялы] у Міжнародны крымінальны суд за злачынствы супраць правоў чалавека з-за дэпартацыі людзей. Мы таксама накіравалі іх у Міжнародны суд ААН за інструменталізацыю міграцыі супраць нас. І бачыць яго ў любой арганізацыі ці фармаванні, у назве якога ёсць слова «мір» — гэта сапраўды ўскладняе нашы меркаванні аб тым, каб таксама быць часткай гэтага <…> Я не бачу, што Беларусь можа быць актарам ці нейкай краінай, якая мае там права голасу. Я бачу Беларусь як задні двор для гаражнага распродажу расіян.

Пры гэтым літоўскі міністр запэўніў, што яго краіна працягне ўздымаць тэму Беларусі на міжнародным узроўні, каб не дапусціць нармалізацыі стасункаў з дыктатурай.

- Я думаю, мы павінны працягваць тое, што мы ўжо робім. Фінансавая і палітычная падтрымка апазіцыі, арганізацый - гэта першае. Па-другое, мы павінны працягваць нашыя намаганні, каб трымаць гэтае пытанне высока ў парадку дня. Гэта няпроста, калі навокал адбываецца столькі ўзрушэньняў <…> І трэцяе: мы павінны таксама прадставіць альтэрнатыву для Беларусі, якую мы можам сумесна стварыць для беларускага грамадзтва.

Офіс у Варшаве і сустрэча з Зяленскім

Святлана Ціханоўская растлумачыла сітуацыю з пераездам часткі сваёй каманды ў Польшчу. Яна адзначыла, што гэта не азначае закрыцця прадстаўніцтва ў Літве.

- З пункту гледжання працы Офіса Святланы Ціханоўскай нічога не змянілася, мы проста пашырылі нашу прысутнасць у Варшаве. Наш офіс застаўся ў Вільні - палова маёй каманды працягвае працаваць там. Некаторыя людзі будуць рэлацыраваны ў Варшаву, [бо] у Польшчы значна больш [беларускіх] грамадзянскіх груп, медыя і нам трэба мець больш прысутнасці там. Літва і Польшча - найбольш стратэгічна важныя краіны для Беларусі, і менавіта таму гэтае рашэнне было прынята.

Лідарка дэмсіл таксама пракаментавала сваю нядаўнюю сустрэчу з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім, назваўшы яе важным сігналам.

- Сустрэча і мой візіт у Кіеў, які рушыць услед за ёй, - гэта выразны сігнал Кіева аб тым, які бок ён абраў. Што ён не збіраецца дараваць Лукашэнку ці забываць яго злачынствы. Што ён выбірае свабодную дэмакратычную Беларусь і верыць у дэмакратычныя сілы [Беларусі].