Беларуская Служба

Прэзідэнт Украіны ўпершыню з 24.02.2022 года даў вялікае інтэрв'ю беларускаму СМІ

23.02.2026 14:51
Зяленскі адзначыў, што раней беларускія ўлады заяўлялі пра адсутнасць кантролю над расійскімі дзеяннямі, але цяпер сітуацыя змянілася. 
    ,  2026 .
Уладзімір Зяленскі падчас інтэрв'ю «Люстэрку», люты 2026 года. Фота: прэс-служба Офіса прэзідэнта Украіны

Інтэрв’ю Люстэрку адбылося амаль праз чатыры гады пасля пачатку вайны, бо, паводле прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага, раней уся ўвага была сканцэнтраваная на абароне краіны. Ён падкрэсліў, што заўсёды ставіўся з павагай да беларусаў, аднак пасля пачатку вайны Беларусь успрымаецца як саюзнік агрэсіі з-за супрацоўніцтва з Расіяй. Пры гэтым гаворка ідзе пра рэжым Аляксандра Лукашэнкі, а не пра народ.

Зяленскі адзначыў, што раней беларускія ўлады заяўлялі пра адсутнасць кантролю над расійскімі дзеяннямі, але цяпер сітуацыя змянілася. На тэрыторыі Беларусі з’явіліся рэтранслятары, якія дапамагаюць расійскім дронам наносіць удары па Украіне, а таксама рыхтуецца пляцоўка для размяшчэння ракетнага комплексу «Арэшнік». На яго думку, гэта сведчыць пра непасрэдную каардынацыю і ўдзел беларускіх уладаў у вайсковай дзейнасці.

Ён папярэдзіў, што Расія імкнецца ўцягнуць Беларусь у вайну глыбей — не толькі праз тэрыторыю і тэхналогіі, але і праз ваенную і прамысловую падтрымку. Паводле ўкраінскага боку, з Беларусі вывозілася артылерыя і працягваецца вытворчасць боепрыпасаў для расійскай арміі.

Прэзідэнт падкрэсліў: Украіна не наносіла ўдары па Беларусі ў 2022 годзе, каб не справакаваць непасрэдны ўдзел беларускіх войскаў у вайне. На яго думку, Масква чакала такога кроку, каб адкрыць новы фронт і прымусіць Украіну рассейваць сілы.

Зяленскі лічыць, што Беларусь сёння выкарыстоўваецца Расіяй як ваенна-тэхнічная база, што стварае пагрозу не толькі Украіне, але і ўсёй Еўропе. Ён адзначыў, што частка рэтранслятараў, якія дапамагалі атакам, ужо была выведзена са строю, бо Украіна вымушана абараняцца.

Гаворачы пра санкцыі, ён падкрэсліў, што Украіна ўводзіць палітычныя і эканамічныя меры супраць Лукашэнкі і яго атачэння за падтрымку агрэсіі. Паралельна вядзецца праца над юрыдычнай ацэнкай дзеянняў, звязаных з выкарыстаннем беларускай тэрыторыі для атак.

Зяленскі адзначыў, што Украіна не лічыць беларускі народ удзельнікам агрэсіі, бо беларускія войскі афіцыйна не ваююць ва Украіне. Аднак існуе рызыка ўцягвання краіны ў вайну, і гэтага, на яго думку, трэба не дапусціць.

Ён таксама заявіў, што Украіна падтрымлівае вызваленне беларускіх палітвязняў і ўжо дапамагала ў іх эвакуацыі пасля вызвалення. Пры гэтым, вызваленне людзей патрабуе складаных перамоваў і абменаў.

Каментуючы кантакты з беларускай апазіцыяй, у тым ліку са Святланай Ціханоўскай, Зяленскі адзначыў важнасць пашырэння дыялогу і прапанаваў стварыць інстытут спецыяльнага ўкраінскага прадстаўніка па Беларусі.

Гаворачы пра будучыню, ён выказаў меркаванне, што найлепшым сцэнарыем для Беларусі і Украіны маглі б стаць добрасуседскія адносіны незалежных дзяржаў і перспектыва еўрапейскай інтэграцыі. Ён падкрэсліў: беларусы не пачыналі вайны, і важна захаваць гэты статус.

На заканчэнне Зяленскі прызнаў, што вайна моцна змяніла ўспрыманне адносін паміж народамі, але выказаў надзею, што пасля яе заканчэння кантакты змогуць аднавіцца.

нг