Спецпрадстаўнік прэзідэнта ЗША па Беларусі Джон Коўл на платформе Х падзякаваў (5.03.2026 -рэд.) Аляксандру Лукашэнку за памілаванне новай групы палітвязняў, на што звярнуў увагу Pozirk.
«Дзякуй, прэзідэнт Лукашэнка, за памілаванне сёння 18 палітвязняў. Гэта яшчэ адзін важны крок у адносінах паміж ЗША і Беларуссю, паколькі прэзідэнт Трамп даручыў мне вызваліць усіх палітвязняў», — напісаў Коўл у Х.
5 сакавіка прэс-служба Лукашэнкі паведаміла аб падпісанні ім указа аб памілаванні 18 чалавек, з якіх 15 «здзейснілі злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці».
Адзначалася, што большасць памілаваных — жанчыны (11), у шасці з іх ёсць дзеці, у тым ліку якія маюць інваліднасць і маюць патрэбу ў пастаяннай медыцынскай рэабілітацыі.
Памілаваныя таксама дзве шлюбныя пары, «жанчына, якая знаходзіцца на апошніх тэрмінах цяжарнасці, і адна асуджаная, якая пераступіла закон у 16-гадовым узросце».
«Усе яны падалі хадайніцтва аб памілаванні, прызналі віну, раскаяліся ў тым, што здзейснілі, а таксама абяцалі весці правапаслухмяны лад жыцця», — гаворыцца ў рэлізе.
яс