У Святланы Ціханоўскай «Белсат» спытаў, ці ёсць беларускі, якія асабліва паўплывалі на яе або якіх яна лічыць важнымі прыкладамі для краіны.
– Безумоўна, на мяне паўплывалі многія беларускі. Гэта не абавязкова тыя, каго можна назваць прыкладам для ўсёй краіны, але для мяне асабіста – так. Сваімі ўчынкамі, чалавечнасцю. Напрыклад, бабуля Аня (Ганна Канавалава). Калі бацькі яе ўнукаў апынуліся ў турме, яна спачатку ўзяла на выхаванне іх, а потым яшчэ і іншых дзяцей, у якіх узніклі праблемы з бацькамі. Для мяне гэта прыклад адказнасці і любові.
Вялікае ўражанне на мяне зрабіла і Маргарыта Ляўчук – сваёй энергіяй, адкрытасцю і пазітывам. Каця Сныціна таксама натхняе: яе ініцыятыва гуляць у баскетбол аб’яднала людзей і стварыла супольнасць.
Мяне ўвогуле вельмі натхняюць людзі, якія не апускаюць рук: Ірына Маклейн, Галіна Казіміроўская з «Вольнага хору», Каця Андрэева, Наталля Пінчук – пералічыць усіх немагчыма.
Таму, напэўна, лепш сказаць так: мяне натхняюць усе беларускі, якія, нягледзячы на цяжкасці, не адчайваюцца і працягваюць рабіць сваю справу, – адказала Ціханоўская.
Ціханоўская адзначыла, што выдатных жанчын у беларускай гісторыі і сучаснасці столькі, што любы спіс будзе несправядлівым.
– Заўсёды ўзнікнуць пытанні: чаму менавіта яна? Чаму пра іншую забыліся? – кажа Святлана.
Для яе важна, гаворыць палітык, прызнаваць уклад кожнай.
– Усе беларускі вельмі розныя, і гэта не можа не захапляць. І мне б вельмі хацелася, каб кожная зразумела, якая яна класная, цікавая, таленавітая і непаўторная, – кажа Ціханоўская.
вс