З просьбай «падняць свае галасы ў знак салідарнасці з беларускамі» звярнулася да жанчын свабоднага свету дэмакратычная лідарка Святлана Ціханоўская на канферэнцыі «Жанчыны майго часу» 9 сакавіка ў Рыме.
Мерапрыемства арганізавана Міністэрствам замежных справаў Італіі, у ім прыняў удзел міністр Антоніа Таяні, паведаміла прэс-служба дэмлідаркі, на якую спасылаецца партал «Позірк».
У Беларусі «жыццё заўсёды ляжала на плячах жанчын», якія аднаўлялі краіну пасля войнаў, «выхоўвалі дзяцей у адзіночку, калі мужоў забіралі войны, турма ці выгнанне», сказала Ціханоўская: «Гэта адбываецца і цяпер. Менавіта жанчыны ў 2020 годзе паднялі сцяг і ўзначалілі мірныя пратэсты. І я веру, што менавіта жанчыны ўрэшце разбураць дыктатуру і павернуць нашую краіну да дэмакратыі і еўрапейскай будучыні, за якую мы змагаемся».
Асобна яна нагадала пра беларускіх жанчын, якія «праяўляюць мужнасць, нягледзячы на рэпрэсіі і заклікала міжнародную супольнасць праяўляць салідарнасць з беларускімі палітвязнямі».
— Прынамсі 169 беларускіх жанчын застаюцца за кратамі ў якасці палітычных зняволеных. Іх катуюць. Іх ізалююць. Пазбаўляюць сну. Іх адзіная віна — іх адвага», — падкрэсліла палітык.
Паводле даных праваабаронцаў, з 2020 года не менш за 1 тыс. 917 жанчын было асуджана па палітычна матываваных крымінальных справах. Не менш за 15 з іх на гэты момант маюць сур’ёзныя праблемы са здароўем.
Не менш за 9 тыс. 400 жанчын сутыкнуліся з адміністрацыйным палітычным пераследам — арыштамі і штрафамі.
вс