Беларуская Служба

Неўзабаве распачне працу першая польская ветравая электрастанцыя ў Балтыйскім моры

22.06.2026 18:11
Пасля ўводу ў эксплуатацыю ветрапарк будзе выпрацоўваць каля 4 тэрават-гадзін электраэнергіі штогод, што пакрые прыкладна 3% цяперашняга попыту Польшчы на электрычнасць.
Ілюстрацыя Shutterstock/Tony Moran

Польскі дзяржаўны энергетычны канцэрн Orlen паведаміў пра завяршальны этап будаўніцтва першай у гісторыі Польшчы марской ветравай электрастанцыі Baltic Power у Балтыйскім моры. На сёння ўстаноўлена ўжо 50 з 76 запланаваных турбін, а паралельна працягваюцца выпрабаванні інфраструктуры і падрыхтоўка да перадачы электраэнергіі ў нацыянальную энергасістэму.

Праект рэалізуюць група Orlen і канадская кампанія Northland Power. Пасля ўводу ў эксплуатацыю ветрапарк будзе выпрацоўваць каля 4 тэрават-гадзін электраэнергіі штогод, што пакрые прыкладна 3% цяперашняга попыту Польшчы на электрычнасць.

Baltic Power размешчаны прыкладна за 23 кіламетры ад узбярэжжа паміж Лэбай і Хачэвам. Агульная магутнасць станцыі складзе каля 1,2 гігавата. Праект таксама стаў адным з першых у свеце, дзе выкарыстоўваюцца найноўшыя ветравыя турбіны кампаніі Vestas магутнасцю 15 мегават кожная.

Запуск Baltic Power лічыцца ключавым этапам у развіцці польскай марской энергетыкі і скарачэнні залежнасці краіны ад традыцыйных крыніц энергіі.

iar/эж