Беларуская Служба

у Беларусі адбываецца беспрэцэдэнтны ціск на кніжную сферу

13.03.2026 09:32
Беларускія ўлады распачалі беспрэцэдэнтны наступ на незалежную кнігавыдавецкую галіну і літаратурную супольнасць.
Ілюстрацыйнае фотаhttps://spring96.org/

Пасля хвалі аблаў 17–18 лютага, падчас якіх былі затрыманыя як мінімум 10 чалавек, рэжым перайшоў да новай тактыкі, паведамляе Праваабарончы цэнтр «Вясна». 

Упершыню ў гісторыі краіны незалежныя выдавецтвы і літаратурныя арганізацыі пачалі масава прызнаваць «экстрэмісцкімі фармаваннямі». У адпаведны спіс ужо трапілі выдавецтва Gutenberg Publisher, так званая «кааліцыя друкаваных выдавецтваў», а таксама літаратурна-праваабарончая арганізацыя Беларускі ПЭН.

17-18 лютага ў Беларусі прайшла хваля масавых ператрусаў і затрыманняў кнігароў. Пад пераслед патрапілі як звычайныя супрацоўнікі так і кіраўнікі выдавецтваў. Затрымлівалі таксама кнігараспаўсюднікаў. Паводле інфармацыі «Вясны» было затрымана як мінімум 10 чалавек, частку якіх адправілі на «суткі».

Праз некалькі дзён пасля хвалі затрыманняў, 21 лютага, мінскае незалежнае выдавецтва «Тэхналогія» паведаміла на старонцы ў Фэйсбуку, што прыпыняе сваю дзейнасць.

«З пэўных прычын выдавецтва »Тэхналогія« не працуе».

Тады ж стала вядома пра затрыманне сям’і выдаўца «Тэхналогіі» Вацлава Багдановіча ў сувязі з іх дзейнасцю ў выдавецтве. Яго жонку Алену і адну з дачок Антаніну пазней адпусцілі, сам Вацлаў з дачкой Вікторыяй дагэтуль знаходзяцца ў няволі. Вікторыя Багдановіч з’яўляецца аўтаркай кніг на беларускай мове, працавала ў мінскай кнігарні «Marks», а таксама займаецца дызайнам жаночага адзення.

Пад хвалю затрыманняў таксама патрапіў Андрэй Кім – стваральнік праекту «Кінаконг», які займаўся прафесійным перакладам і агучваннем фільмаў на беларускую мову. Андрэй таксама вядомы як перакладчык замежнай літаратуры на беларускую мову.

Як пісала «Наша Ніва», таксама былі затрыманыя Зміцер Колас – кіраўнік аднайменнага выдавецтва, і кнігараспаўсюднік Алесь Яўдаха. Усім ім прызначылі адміністрацыйны арышт па надуманых падставах.

Таксама пад рэпрэсіі трапіла найстарэйшая ў Беларусі літаратурна-праваабарончая арганізацыя "Беларускі ПЭН". 27 лютага КДБ уключыў яе ў спіс "экстрэмісцкіх фармаванняў". Паводле ведамства, да Беларускага ПЭНа маюць дачыненне Таццяна Леанідаўна Нядбай і Алена Барысаўна Талкачова.

Крыніца: ПЦ «Вясна»