Беларуская Служба

Беларус з інваліднасцю абурыўся аўтамабілем, які прыехаў па яго, каб адвезці ў бальніцу

15.03.2026 16:21
На наступны дзень з’явіўся афіцыйны каментар Слонімскай цэнтральнай раённай бальніцы.
      .
Такі аўтамабіль прыехаў па чалавека з інваліднасцю. Фота: instagram.com/slonim_live

Паблік slonim_live апублікаваў фота ад свайго падпісчыка — інваліда першай групы. На здымку — аўтамабіль, які прыехаў, каб даставіць яго ў бальніцу. Машына выглядае нібыта з мінулага стагоддзя, а насілкі — як з фільмаў пра Другую сусветную вайну  піша Зеркало.

Многія падпісчыкі выказалі абурэнне. «Гэты аўтамабіль — ганьба для сучаснай краіны. Павінны быць сучасныя машыны з усімі выгодамі. Пытанне: куды ідуць нашы падаткі?» — напісаў адзін з карыстальнікаў. Іншыя выказалі здагадку, што гэта транспарт ФАПа або сельскай установы, бо, паводле іх слоў, аўтапарк хуткай дапамогі абноўлены.

На наступны дзень з’явіўся афіцыйны каментар Слонімскай цэнтральнай раённай бальніцы. Паводле яго, аўтамабіль УАЗ 2012 года выпуску тэхнічна спраўны, своечасова прайшоў тэхагляд, які дзейнічае да жніўня 2026 года. Машына замацаваная за прыёмным аддзяленнем і выкарыстоўваецца для аператыўнай дастаўкі медыкаў у экстранных выпадках. Заводская камплектацыя прадугледжвае падлогавыя насілкі, іх замена не прадугледжана.

У бальніцы патлумачылі, што ў той момант іншы транспарт быў задзейнічаны на міжгародніх выкліках. Галоўны ўрач даў тлумачэнні аўтару фота па тэлефоне. Адміністрацыя Слонімскай ЦРБ прынесла прабачэнні за сітуацыю.

нг