Беларуская Служба

30-40% беларусаў прыехалі ў Літву з сем'ямі і хочуць тут застацца

16.03.2026 18:09
Тыповая беларуская сямʼя ў Літве мае двое дзяцей, абодва бацькі працуюць, а дзеці вучацца ў беларускіх, рускіх ці літоўскіх школах.
Старая частка ВільніMNStudio/Shutterstock

Каля 30-40% беларусаў, якія прыехалі ў Літву з семʼямі, хочуць тут застацца. Да такіх высноваў прыйшлі даследчыкі Інстытута сацыялогіі Літоўскага цэнтра сацыяльных навук, якія вывучаюць беларускую супольнасць у Літве, піша LRT.

Даследаваннем беларусаў у Літве займаюцца Аляксандр Чубрык і Наталля Шчарбіна. Яны заяўляюць пра памылковасць уяўлення, быццам беларусы працуюць пераважна кіроўцамі трэйлераў і не плануюць заставацца ў Літве, інфармуе «Еўрарадыё».

Паведамляецца, што агулам у Літве пражывае каля 60 тыс. беларусаў. Як адзначае Чубрык, людзі, якія прыехалі семʼямі, больш схільныя застацца ў краіне. Праўда, дакладная колькасць беларускіх семʼяў у Літве невядомая. Таму навукоўцы стварылі мадэль даных, якая паказвае, што з семʼямі ў Літву пераехалі 30-40% беларускіх мігрантаў. У гэты лік уваходзяць і дзеці, якіх у Літве жыве каля 4 тыс. 200.

Эксперты падкрэсліваюць, што гэтыя лічбы не зʼяўляюцца дакладнымі і грунтуюцца на дапушчэнні, што беларусы ў Літве па сваіх характарыстыках падобныя да насельніцтва Беларусі. Большасць эмігрантаў прыехалі пасля пратэстаў 2020 года.

Па словах даследчыкаў, тыповая беларуская сямʼя ў Літве мае двое дзяцей, абодва бацькі працуюць, а дзеці вучацца ў беларускіх, рускіх ці літоўскіх школах. Найбольш сурʼёзныя цяжкасці ў інтэграцыі беларусаў у Літве – гэта мова, асабліва ў сістэме адукацыі. Самы вялікі выклік – абмежаваныя магчымасці навучання літоўскай мове.

вс