Удзельнікі святкавання Дня Волі за мяжой «будуць выяўленыя» і «прыцягнутыя да адказнасці, пры неабходнасці з ужываннем механізму спецыяльнай вытворчасці і канфіскацыяй маёмасці на тэрыторыі нашай краіны», гаворыцца ў заяве афіцыйнага прадстаўніка Следчага камітэта Аляксандра Сухадольскага, распаўсюджанай прэс-службай ведамства 23 сакавіка.
Сцвярджаецца, што «экстрэмісцкія фармаванні і іх замежныя куратары» плануюць на Дзень Волі «задзейнічаць свой актыў для правядзення правакацыйных мерапрыемстваў за мяжой», паведамляе «Позірк».
— Асноўныя мэты такіх дзеянняў застаюцца нязменнымі: стварэнне бачнасці масавасці пратэсных настрояў, фармаванне негатыўнага інфармацыйнага фону вакол Рэспублікі Беларусь, спробы ўцягнуць грамадзян, якія з’ехалі, у супрацьпраўную дзейнасць, а таксама далейшае прыцягненне фінансавых рэсурсаў для экстрэмісцкай дзейнасці, — сказаў прадстаўнік СК.
Нягледзячы на тое, што «патэнцыйным удзельнікам акцый абяцаюць выкананне» мер бяспекі «ў выглядзе надання неабходных атрыбутаў: акуляры, маскі, кепкі», СК сцвярджае, што «сучасная методыка дазваляе ідэнтыфікаваць асобу кожнага».
Падобныя пагрозы гучалі год таму.
Упершыню тактыку публічнага запалохвання патэнцыйных мітынгоўцаў за мяжой СК выкарыстаў напярэдадні дня «прэзідэнцкіх выбараў» 26 студзеня мінулага года. Пасля было заяўлена аб ідэнтыфікацыі часткі з іх.
25 сакавіка дэмакратычна настроеная частка насельніцтва Беларусі святкуе Дзень Волі — гадавіну абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) у 1918 годзе.
Марш у Варшаве з нагоды Дня Волі на 28 сакавіка анансавала ў сваім Тэлеграм-канале дэмакратычная лідарка Святлана Ціханоўская.
Святкаванне з 21 сакавіка праходзіць у Польшчы, Літве, ЗША і іншых краінах.
вс