Сёлета Грэка-каталіцкая царква ў Польшчы ўпершыню адзначае Вялікдзень па грыгарыянскім календары, разам з Рымска-каталіцкім касцёлам. Да 2025 года грэка-католікі адзначалі Вялікдзень па юліянскім календары, нараўне з Праваслаўнай царквой, паведамляе Польскае агенцтва друку PAP.
Рашэнне аб пераходзе на грыгарыянскі каляндар было прынятае Сінодам біскупаў Пшэмысльска-Варшаўскай мітраполіі Украінскай Грэка-каталіцкай царквы ў лістападзе 2025 года. Згодна з гэтым рашэннем, з 18 студзеня 2026 года ўсе святы, як пастаянныя, так і пераходзячыя, Грэка-каталіцкай царквы і Рымска-каталіцкага касцёлу будуць адзначацца ў адзін дзень.
У Грэка-каталіцкай царкве велікодныя святкаванні доўжацца тры дні – з нядзелі па аўторак.
Грэка-каталіцкая царква ў Польшчы – гэта царква візантыйска-ўкраінскага абраду, адна з усходне-каталіцкіх цэркваў, якія прызнаюць аўтарытэт і ўладу Папы Рымскага. У наш час яна ў асноўным аб'ядноўвае вернікаў украінскага паходжання, якія жывуць па ўсёй краіне. Прыхаджане належаць да адзінай мітраполіі, у склад якой уваходзяць Пшэмысльска-Варшаўская архіепархія, Ольштынска-Гданьская і Уроцлаўска-Кашалінская епархіі.
Польскія грэка-каталіцкія епіскапы зʼяўляюцца членамі Польскай біскупскай канферэнцыі.
вс