Беларуская Служба

Чыноўнікі працягваюць адбіраць у людзей жыллё з-за «палітыкі»

26.03.2026 16:03
Прадаецца кватэра, уладальнікам якой пазначаны поўны цёзка аднаго з палітвязняў.
   .
Выстаўленая на таргі кватэра. Фота: e-auction.by

У Мінску на таргі на пляцоўцы "БелЮрЗабеспячэнне" паўторна выставілі двухпакаёвую кватэру. Яе ўладальнікам пазначаны поўны цёзка аднаго з палітвязняў — Пядзько Артур Уладзіміравіч. Пра справу піша Люстэрка.

На таргі трапіла двушка агульнай плошчай 39,7 квадратнага метра. Жыллё знаходзіцца на праспекце Ракасоўскага ў сталіцы.

Сярод абцяжаранняў указаны арышт следчых органаў, а таксама забарона ўчынення рэгістрацыйных дзеянняў судовага выканаўцы і рэгіструючага органа.

Уладальнікам кватэры пазначаны Артур Пядзько. Ініцыялы гэтага чалавека цалкам супадаюць са звесткамі аднаго з палітвязняў. Гэта інжынер "Мінскэнерга", якога ў 2024-м прыгаварылі да дзевяці гадоў калоніі па "справе ЧКБ". Мужчыну абвінавацілі ў тым, што ён перадаў дадзеныя больш за 500 службовых асоб тэлеграм-каналам. Суд абавязаў мужчыну выплаціць іскі на суму больш за 100 тысяч долараў.

Таргі прызначаны на 7 красавіка. Пачатковы кошт жылля - 137,6 тысячы рублёў. У маі мінулага года нерухомасць спрабавалі прадаць за 172 тысячы рублёў.

нг