Як высветліла Свабода, гэтыя відэа знялі ўкраінскія студэнты, якія атрымалі замову праз ананімны акаўнт, нібыта звязаны з журналістамі «Новой газеты Европа».
25 сакавіка ў гонар Дня Волі беларусы арганізавалі святочныя імпрэзы ў Вільні. Акцыі пачаліся зранку з перформансу каля Сейму Літвы, дзе ўдзельнікі павязалі бел-чырвона-белыя стужкі на дрэвы «Беларускай алеі», а скончыліся ўвечары мітынгам у цэнтры гораду і шэсцем да амбасады Беларусі. На наступны дзень відэакадры з ідэнтыфікаванымі тварамі ўдзельнікаў акцыяў, а таксама пагрозамі ў іх бок паказаў у сваёй праграме на дзяржаўным тэлеканале СТБ прапагандыст Раман Пратасевіч.
На ранішняй імпрэзе каля Сейму беларускія журналісты, у тым ліку журналісты Свабоды, заўважылі двух чалавек, якія незвычайна сябе паводзілі і здымалі ці не кожны крок удзельнікаў акцыі на мабільныя тэлефоны. Гэта былі малады хлопец і дзяўчына. Твараў яны не хавалі, таму не выклікалі шмат падазрэнняў у прысутных.
Журналісты Свабоды высветлілі асобы гэтых людзей. Трое маладых людзей аказаліся грамадзянамі Украіны, а дзяўчына — студэнткай Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту ў Вільні. Двое хлопцаў — сябры, з Данецкай вобласці.
Адзін з іх, Мікола Багатыр, расказаў, што яму прапанавалі здымаць для «Новой Газеты Европа», паабяцалі 70 долараў.
— Шчыра, я не думаў, што ўсё так павернецца. Калі я даведаўся, што прапагандысцкаму каналу гэта прыйшло, шчыра, я б не хацеў гэта ўсё паўтарыць, — расказаў хлопец Свабодзе.
Свабода/ав