Праваабарончы цэнтр «Вясна» апублікаваў даклад «Калі экстрэмізмам называюць словы. Як барацьбу з неанацызмам і распальваннем варожасці падмянілі палітычнай цэнзурай». Асновай даследавання праваабаронцаў «Вясны» стаў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў – пералік інфармацыйнай прадукцыі, забароненай да распаўсюду.
У даклад увайшлі аналіз існуючых забаронаў, магчымых механізмаў змянення спісу і палітыкі забаронаў у цэлым, а таксама кароткі агляд існуючых рэгіянальнях практык.
Пералік экстрэмісцкіх матэрыялаў у Беларусі дэманструе ўстойлівую тэндэнцыю да пашыральнага і нярэдка адвольнага прымянення заканадаўства, што выклікае сур’ёзную заклапочанасць праваабарончай супольнасці. Аналіз класіфікацыі такіх матэрыялаў дазваляе вылучыць некалькі ключавых груп, межы паміж якімі часам застаюцца размытымі.
Найбольш маштабнай катэгорыяй з’яўляюцца інфармацыйныя рэсурсы самаарганізаваных пратэстных ініцыятыў (тысячы тэлеграм-каналаў, чатаў, старонак у сацыяльных сетках і відэаплатформаў), многія з якіх сталі аб’ектам пераследу пасля падзей 2020 года. Часта дастаткова адзінкавых публікацый з крытыкай уладаў, каб увесь рэсурс прызнаваўся экстрэмісцкім без дыферэнцыяцыі кантэнту.
Падобны лёс падзяляюць рэсурсы інстытуцыяналізаваных грамадска-палітычных і праваабарончых ініцыятыў. У пералік уключаюцца сайты, сацыяльныя сеткі, прыкладанні і каналы арганізацый, якія аказваюць гуманітарную дапамогу, абараняюць правы чалавека або прадстаўляюць альтэрнатыўныя палітычныя пазіцыі.
Асобную групу складаюць акаўнты блогераў, журналістаў і лідараў грамадскай думкі. Прызнанне экстрэмісцкімі асабістых старонак і каналаў сведчыць пра пашырэнне практыкі пераследу індывідуальнага выказвання, уключаючы сімволіку, лагатыпы і нават візуальныя элементы.
Значная ўвага надаецца незалежным СМІ, якія фактычна цалкам выведзены з легальнага інфармацыйнага поля. Уключэнне іх рэсурсаў у пералік часта становіцца першым этапам больш шырокіх рэпрэсіўных мер, уключаючы крымінальны пераслед супрацоўнікаў.
Сярод іншых катэгорый – пратэстная і нацыянальная сімволіка, анархісцкая і гістарычная літаратура, рэлігійныя матэрыялы, а таксама прадукцыя, звязаная з вайной ва Украіне. У многіх выпадках забароны носяць палітызаваны характар і патрабуюць індывідуальнага аналізу.
Асобна вылучаецца група матэрыялаў, звязаных з неанацызмам, антысемітызмам і распальваннем варожасці. У адрозненне ад іншых катэгорый, абмежаванні тут часцей маюць абгрунтаванне з пункту гледжання абароны правоў і бяспекі.
Нарэшце, існуе значны масіў матэрыялаў нявызначанага характару, доступ да якіх адсутнічае, што робіць немагчымай незалежную ацэнку іх зместу.
У цэлым, сфарміраваная ў Беларусі практыка сведчыць пра сістэмнае парушэнне прынцыпаў прававой вызначанасці, суразмернасці і свабоды выказвання меркаванняў. Перагляд большасці рашэнняў з’яўляецца неабходнай умовай аднаўлення справядлівасці і выканання міжнародных абавязацельстваў у галіне правоў чалавека, канстатуюць праваабаронцы ў сваім дакладзе.
аз