Камітэт дзяржаўнай бяспекі 31 сакавіка прызнаў Беларускі Хельсінкскі камітэт (БХК) — вядомую праваабарончую арганізацыю — «экстрэмісцкім фармаваннем», вынікае з абноўленага 6 красавіка спісу на сайце Міністэрства ўнутраных спраў. Цяпер у пераліку 384 пазіцыі, 346 арганізацый, паведамляе «Позірк».
Датычнымі да «фармавання» названыя Дзмітрый Маркушэўскі (1978 года нараджэння) і Павел Левінаў (1961 г.н.).
У спісе адзначана, што з БХК звязаныя сайты belhelcom.org і youarenotwrong.webflow.io, шэраг старонак у сацыяльных сетках.
7 чэрвеня 2024 года суд Чыгуначнага раёна Гомеля прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» кантэнт асноўнага сайта БХК і яго старонкі ў «Фэйсбуку». Арганізацыя расцаніла гэта як «адвольнае абмежаванне» права займацца праваабарончай дзейнасцю, у прыватнасці права распаўсюджваць інфармацыю і веды пра правы чалавека і механізмы іх абароны.
16 снежня 2022 года ва ўзросце 55 гадоў памёр старшыня БХК Алег Гулак.
Беларускі Хельсінкскі камітэт — добраахвотная, незалежная, непалітычная, грамадская, праваабарончая арганізацыя, якая працуе з 1 лістапада 1995 года.
Заснавальнікамі БХК былі вядомыя грамадскія і культурныя дзеячы краіны: пісьменнікі Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін, Радзім Гарэцкі, Святлана Алексіевіч, Генадзь Бураўкін, юрысты Юрый Хадыка, Карлас Шэрман.
1 кастрычніка 2021 года Вярхоўны суд пазбавіў БХК рэгістрацыі, аднак арганізацыя працягнула працу.
У ліпені 2022-га, нягледзячы на рашэнне ўладаў пра юрыдычную ліквідацыю, БХК першым з беларускіх недзяржаўных арганізацый атрымаў кансультатыўны статус пры ЭКАСАС ААН.
БХК выпускае Нацыянальны індэкс па правах чалавека.
вс