Былая спікерка Каардынацыйнай рады Анжаліка Мельнікава, якая перастала выходзіць на сувязь 25 сакавіка 2025 года, пасля знікнення стала ўладальніцай як мінімум дзвюх кватэр у Мінску. Пра гэта паведамляе «Люстэрка» са спасылкай на дакументы.
Паводле іх, у верасні 2025 года на імя Мельнікавай была аформлена аднапакаёвая кватэра плошчай 33,8 м² на праспекце Любімава. Кошт падобнага жылля ў гэтым раёне складае прыкладна 71–82 тыс. долараў.
У студзені 2026 года яна стала ўладальніцай яшчэ адной кватэры — у ЖК «Маяк Мінска». Паводле дакументаў, гэта аднапакаёвая кватэра плошчай 91,8 м². На рынку аналагічнае жыллё ў гэтым комплексе каштуе каля 195–400 тыс. долараў.
Таксама вядома, што з 2016 года Мельнікава валодала кватэрай у Мінску разам з мужам. У 2024 годзе на яе быў накладзены арышт у межах крымінальнай справы, аднак у лютым 2026 года яго знялі. У сакавіку кватэра перайшла ў аднаасобную ўласнасць Мельнікавай пасля падзелу маёмасці.
як/вс