Беларуская Служба

Нарвегія адмовілася праводзіць спаборніцтвы ў плаванні з прычыны допуску беларусаў і расіян пад афіцыйным сцягам

23.04.2026 17:45
Раней супраць такой пазіцыі Міжнароднай федэрацыі водных відаў спорту ўжо выступіла Польшча.
Здымак мае ілюстрацыйны характарStockSnap/pixabay.com/CC0 Public Domain

Нарвегія адмовілася ад правядзення спаборніцтваў пад эгідай Міжнароднай федэрацыі водных відаў спорту (World Aquatics) з прычыны допуску беларускіх і расійскіх спартоўцаў да ўдзелу са сцягам і гімнам, паведамляе «Белсат».

— Нашая пазіцыя зразумелая. Мы не будзем праводзіць ніякіх чэмпіянатаў, пакуль расійскія і беларускія спартоўцы, як дарослыя, так і юніёры, будуць мець поўны доступ, права ўдзелу і змогуць выкарыстоўваць свае сцягі і нацыянальныя гімны, — заявіў прэзідэнт Нарвежскай федэрацыі плавання Ката Братбак, перадае Reuters.

На пачатку красавіка Міжнародная федэрацыя водных відаў спорту заявіла, што дапусціць да ўдзелу прадстаўнікоў Беларусі і Расіі.

Раней супраць такой пазіцыі міжнароднай арганізацыі ўжо выступіла Польшча. Мясцовая федэрацыя плавання заявіла, што не дапусціць беларускіх і расійскіх удзельнікаў да чэмпіянату Еўропы па скачках у ваду, які прыме ў сябе ў 2027 годзе. Пры гэтым краіна не плануе байкатаваць міжнародныя турніры цалкам, каб не пашкодзіць уласным спартоўцам.

Доступ на міжнародныя спартыўныя мерапрыемствы грамадзянам Расіі і Беларусі быў забаронены пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне ў лютым 2022 года. З 2023 года яны ўдзельнічалі ў спаборніцтвах індывідуальна і ў нейтральным статусе.

Ужо на зімовых Алімпійскіх гульнях у Картыне-д’Ампэцца 2026 года спартоўцы з абедзвюх краінаў выступалі пад дзяржаўнымі сцягамі.

аз

Польскае тэлебачанне не будзе паказваць спартсменаў з Расіі і Беларусі падчас Паралімпійскіх гульняў

06.03.2026 12:40
Падчас сённяшняй цырымоніі адкрыцця зімовых Паралімпійскіх гульняў Мілан-Карціна 2026 польскія гледачы не ўбачаць прадстаўнікоў Расіі і Беларусі.