Па ініцыятыве Святланы Ціханоўскай, нацыянальнай лідаркі Беларусі і кіраўніцы Абʼяднанага пераходнага кабінета, 1-2 траўня ў Варшаве адбудзецца Канферэнцыя беларусаў і беларусак свету V сустрэча арганізацыяў і суполак беларусаў замежжа.
Асноўная тэма Канферэнцыі ў гэтым годзе — узмацненне патэнцыялу беларускай дыяспары, беларусаў замежжа, наладжванне сталай працы па розных напрамках.
Напярэдадні канферэнцыі Святлана Ціханоўская звярнулася да беларускай дыяспары.
«Дарагія мае, беларусы і беларускі свету!
1–2 траўня мы зноў пабачымся ў Варшаве на ўжо пятай канферэнцыі беларусаў і беларусак свету. Гэтая імпрэза — пляцоўка для абмеркавання ключавых пытанняў, з якімі сутыкаецца нашая дыяспара: падтрымка беларусаў за мяжой, захаванне культурнай ідэнтычнасці, развіццё адукацыйных і грамадскіх ініцыятываў, а таксама каардынацыя сумесных намаганняў у інтарэсах дэмакратычнай будучыні Беларусі.
Сёлета канферэнцыя будзе крыху іншай: менш фармальнай, менш «сухой», і значна больш жывой і цікавай.
Голас кожнай супольнасці важны. Ваш досвед, ідэі і ўдзел дапамогуць сувязі паміж беларусамі па ўсім свеце і выпрацаваць агульныя падыходы да далейшай працы. А ўсю падрабязную інфармацыю пра рэгістрацыю і праграму вы знойдзеце на адпаведнай старонцы канферэнцыі.
Я ўжо з нецярпеннем чакаю гэтых дзён, каб абняцца, пачуць вас, знайсці вырашэнне праблемаў і проста пабыць разам. Да сустрэчы!».
Арганізатары зазначаюць, што максімальная колькасць удзельнікаў і ўдзельніц Канферэнцыі абмежаваная тэхнічнымі магчымасцямі памяшкання і складае 250 асобаў. Рэгістрацыя для ўдзелу ў канферэнцыі даступная праз анлайн-форму.
Праграма канферэнцыі выкладзеная на сайце Офісу Святланы Ціханоўскай.
Крыніца: Светлана Тихановская/юл