Чарговыя «групавыя прафілактычныя мерапрыемствы» з беспрацоўнымі правялі ўлады двух раёнаў Гомельскай вобласці, заўважыў «Флагшток». Такія мерапрыемствы арганізуюць ужо больш за год. Аднак, нягледзячы на вялізныя затрачаныя на гэтую дзейнасць рэсурсы, па статыстыцы іх колькасць не змяншаецца.
Газета «Чачэрскі веснік» паведаміла, што «кантынгент непрацуючых налічвае 850 чалавек, зарэгістраваных у базе дадзеных». Гэта прыкладна 6 працэнтаў ад усяго насельніцтва раёна, то бок, каля 14 тыс. чалавек.
Іншых дадзеных улады не прадстаўляюць, але ў самым пачатку «барацьбы з дармаедамі», улады называлі дадзеныя па Савецкім раёне Гомеля — каля 10 тысяч «не занятых у эканоміцы» ў раёне з насельніцтвам каля 170 тыс. чалавек. Гэта амаль тыя ж самыя 6% насельніцтвы раёна.
Параўнанне дадзеных прамысловага раёна абласнога цэнтра і сельскагаспадарчага раёна не зусім карэктна, але выходзіць, што доля «дармаедаў» складае прыкладна адну і тую ж колькасць.
Невядома, колькі першапачаткова было афіцыйна беспрацоўных у Чачэрскім раёне і колькі цяпер іх у Савецкім раёне Гомеля, але як мінімум можна зрабіць выснову аб тым, што працэнт «незанятых у эканоміцы» на вёсцы застаецца высокім.
Яшчэ адно мерапрыемства з беспрацоўнымі правялі ў Буда-Кашалёўскім раёне. Там сабралі «асоб, якія не занятыя ў эканоміцы і пражываюць на тэрыторыях Крыўскага і Чабатовіцкага сельсаветаў», паведаміла газета «Авангард».
Беспрацоўным прадставілі вакансіі: у тым ліку ў КСУП «Крыўск», ААТ «Гомельлен», Буда-Кашалёўскім вузле паштовай сувязі, мясцовых школах. Ці атрымалася кагосьці ўладкаваць на працу — не ўдакладняецца.
На сустрэчы начальнік АУС Буда-Кашалёўскага райвыканкама Аляксандр Міснікаў заявіў, звяртаючыся да беспрацоўных:
—Дзяржава дае вам магчымасць працаўладкавацца і гэтым трэба карыстацца. Калі вы не працуеце — вы не прыносіце карысці дзяржаве.
яс