Беларуская Служба

Працы мастака не ўзялі на выставу Art Minsk. Ён заваяў публіку перфомансам на адкрыцці мерапрыемства

04.05.2026 14:04
Мастак Генадзь Дук прыйшоў на адкрыццё Art Minsk у касцюме клоўна і стаў галоўнай зоркай.
Мастак Генадзь Дуккрыніца: Наша Ніва

Генадзь Дук — гэта малады мастак з Наваполацка, які цяпер жыве і працуе ў Мінску. Раней ён паспяхова ўдзельнічаў у розных выставах. У 2024 годзе атрымаў першае месца на «Восеньскім салоне» ў намінацыі «Лічбавае мастацтва і калаж», паведамляе «Наша Ніва».

На Art Minsk Генадзь выстаўляўся раней тры разы, два з якіх быў сярод пераможцаў. Але сёлета працы мастака адмовіліся прымаць.

Сам аўтар у сацсетках выказвае здагадку, што звязана гэта ўсё з леташнім канфліктам.

— Пасля «Восеньскага салона 2025» у мяне склаліся нацягнутыя адносіны з арганізатарамі (мае працы пашкодзілі падчас мантажу). На гэты раз мяне проста праігнаравалі (...). Падазраю, што асноўны крытэрый адбору — гэта асабістая сімпатыя да самога мастака і яго здольнасць да ліслівасці.

Мірыцца з такім рашэннем Генадзь не стаў. Ён зладзіў перформанс на адкрыцці Art Minsk — прыйшоў, адзеты як клоўн.

Мяркуючы па відэа, якімі людзі дзеляцца ў сацыяльных сетках, пакрыўджаны мастак стаў галоўным экспанатам. Вакол яго заўсёды было шмат людзей, якія хацелі сфатаграфавацца разам.

На спіну Генадзь прымацаваў сваю працу — на карціне сумны клоўн, падобны да Марачка з «Вёскі дуракоў», нясе крыж. Як тлумачыць аўтар, у яе аснове разважанні наконт таго, што мастацтва — гэта праклён і цяжкая ноша, асабліва калі мастак знаходзіцца не ў тым месцы і не ў той час.

На шыю мастак павесіў высушаную рыбу з надпісам «Ежа для розуму». На адваротным баку напісана: «І падумаць гэтая рыба не магла, што будзе ўжытая такім перакручаным чынам: стане нечым меншым, чым рыба, і нечым большым, чым смерць, — стане арт-аб'ектам на пацеху крыўляк. Прабач, што не з'еў».

У рукі Генадзь узяў вядро, дзе былі мініяцюрныя паштоўкі з яго працамі — іх ён раздаваў людзям.

Адна з прац, якая не трапіла на Art Minsk, — гэта «Самоwar»: карціна мужчынскага цела з самаварам замест галавы, з краніка якога цячэ кроў. Дапаўняе працу верш:

«И где-то солнце, небо — голубой,

А в самоwar-е тихий бой.

Скажи мне, boy, што там за бой?

— Ты не утянешь за собой?

Где нету солнца, неба —

голубой…»

яс